ДАЛО́ ((Dollo) Луі) (7.12.1857, г. Ліль, Францыя — 19.4.1931),

бельгійскі палеантолаг. Замежны чл.-кар. АН СССР (1928). Вучань і паслядоўнік У.А.Кавалеўскага. Праф. Брусельскага ун-та і хавальнік Прыродазнаўча-гіст. музея. Адкрыў «закон неабарачальнасці эвалюцыі» (закон Д., 1893). Вывучаў марфал. асаблівасці выкапнёвых пазваночных. Асн. праца «Эталагічная палеанталогія» (1909) прысвечана выкарыстанню эталагічнага метаду пры вывучэнні выкапнёвых рыб, дыназаўраў і некат. млекакормячых.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.​А.​Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.​І.​Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ТА (Otto) Нікалаўс Аўгуст [10.6.1832, г. Гольцгаўзен, Германія — 26.1.1891], нямецкі канструктар і прадпрымальнік. Скончыў рэальнае вучылішча (1848). Разам з інж. Э.​Лангенам стварыў атм. рухавік унутр. згарання (1867). Пабудаваў 4-тактавы газавы рухавік (1876). Прапанаваў сістэму эл. запальвання (1884), што дало магчымасць выкарыстоўваць у рухавіках вадкае паліва. Рухавік О. атрымаў шырокае выкарыстанне.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫТЫ́ЧНЫЯ ПУ́НКТЫ МЕТА́ЛАЎ,

значэнні тэмпературы, пры якіх у металах і іх сплавах адбываюцца змены агрэгатнага стану, паліморфныя (гл. Полімарфізм), магн. і інш. пераўтварэнні, што істотна змяняюць іх уласцівасці. Становішча К.п.м. на дыяграме стану залежыць ад хім. саставу сплаваў, скорасці нагрэву і ахалоджвання і інш. Важныя ў тэрмічнай апрацоўцы металаў, асабліва жал. сплаваў. Адкрыты Дз.К.Чарновым у 1868, што дало пачатак развіццю металазнаўства.

т. 8, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1261 — сак. 1303),

князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),

італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.​Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.

Л.Гальвані.

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),

амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАЁ (Cortaillod),

паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙРАЎСКІ ((Heyrovský) Яраслаў) (20.12.1890, Прага — 27.3.1967),

чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.

Тв.:

Рус. пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.​Кута).

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)