Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЛЕ́НГА»,
прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Даленга М. 10/451
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЕ́НГА-ХАДАКО́ЎСКІ (Зарыян Якаўлевіч) (сапр. Чарноцкі Адам; 24.12.1784, каля в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 17.11.1825),
славяназнавец, пачынальнік бел., польск., рус. і ўкр. археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Чл.-кар. варшаўскага Т-ва сяброў навук (1819), чл. пецярбургскага Вольнага т-ва аматараў расійскай славеснасці (1819), маскоўскага Т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1820). Працаваў у Мінску прыватным адвакатам, у 1814—18 у б-цы Крамянецкага ліцэя, б-цы апекуна Віленскай навуч. акругі А.Чартарыйскага ў Пулавах (Люблінскае ваяв.) і інш., у мінскіх архівах вывучаў стараж.бел. акты і граматы. Падарожнічаў па Польшчы, Галіцыі, Палессі. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім пав., каля Брэста, Гомеля, Магілёва, в. Старое Сяло Віцебскага пав., запісваў фальклор, дыялектную лексіку, абрады. У 1820—21 збіраў і вывучаў археал., дыялектны, этнагр. і фальклорны матэрыял на Поўначы Расіі. Найб. значная яго праца «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818), у якой упершыню зрабіў спробу апісаць стараж.-славянскі побыт, культуру і нар. творчасць у дахрысціянскі перыяд, намеціў праграму комплексных даследаванняў слав. і суседніх народаў. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» (1819) крытыкаваў некат. палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна, удакладніў факты, звязаныя з гісторыяй Беларусі (у наступных выданнях Карамзін улічыў іх). У «Праекце вучонага падарожжа па Расіі для вытлумачэння старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычнай сістэме Хадакоўскага» (апубл. 1838) абгрунтаваў археал. тэорыю гарадзішчаў, прынцыпы збору фальклору і дыялектнай лексікі, упершыню ў славістыцы паказаў ролю тапанімікі для гіст. даследаванняў, склаў рэестр агульнаслав. тапонімаў (у т. л. беларускіх), вызначыў тэр. пашырэння бел. мовы. Большасць яго прац не апублікавана: збор бел. (каля 500) і рус. песень, запісы замоў, загадак, слоўнікі, матэрыялы па слав. этнаграфіі, дыялекталогіі, тапаніміцы, археалогіі. Фальклорная спадчына Д.-Х. — самы багаты збор твораў слав.нар. паэзіі таго часу як па колькасці запісаў, так і па рэгіёну збірання. Гэта першая спроба сістэматычнага, свядомага запісвання (з элементамі навук. пашпартызацыі) слав. фальклору ў яго жанравай разнастайнасці. Яго навук. і збіральніцкая дзейнасць была ўзорам і праграмай для навук. аб’яднанняў Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вылучаныя ім, актуальныя і сёння.
Тв.:
O Slawiańszczyźnie przed chrześcjaństwem oraz inne pisma i listy. Warszawa, 1967;
Spiewy slawiańskie pod strzechą wiejską zebrane. Warszawa, 1973;
Українські народні пісні в записах Зоріана Доленги-Ходаковського. Київ, 1974.
Літ.:
Аксамітаў АС., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;
Аксамітаў А. Ля вытокаў беларускага мовазнаўства: Са спадчыны Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага // Роднае слова. 1992. № 5;
Maśłanka J. Zorian Dołęga Chodakowski. Wrocław etc., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Даленга-Хадакоўскі З. Я. 1/113, 470; 2/264; 4/123—124; 6/112; 7/565; 10/530; 11/487; 12/423
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Чарноцкі А., гл.Даленга-Хадакоўскі З. Я.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ ((Dołęga Mostowicz) Тадэвуш) (сапр.Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),
польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр.Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРАЛО́ГІЯ (ад культура + ...логія),
навука пра сутнасць і тыпы культуры, яе сац. функцыі і заканамернасці гіст. развіцця. Фарміруецца на стыку з філасофіяй, сацыялогіяй, этналогіяй і інш.гуманіт. навукамі; развівалася ў формах этнаграфіі, гісторыі, філасофіі і сацыялогіі культуры. Асновы К. закладзены ў старажытнасці. Як навука вылучылася ў 20 ст.
Пазітывісты (А.Конт, Ж.Э.Рэнан, Дж.С.Міль, Г.Спенсер і інш.) акцэнтавалі ўвагу на сац. функцыях культуры, яе ролі ў стабілізацыі этнасу, нацыі, грамадства. Антрапал. школа ў К. (Э.Тэйлар, К.Леві-Строс і інш.) даследавала раннія, «варварскія» тыпы культуры. Паводле марксісцкай канцэпцыі, усе віды духоўнай творчасці — надбудова над сац.-эканам. базісам, якая ўплывае на эканам. і сац.-паліт. структуру грамадства. У кантэксце псіхааналізу культуру тлумачаць як вынік сублімацыі інстынктаў, пераўтварэння іх у сферу духоўнай творчасці і сац. актыўнасці (З.Фрэйд і фрэйдысты), іх сімвалічнага выяўлення ў форме духоўных феноменаў (Э.Касірэр, К.Г.Юнг). Прадстаўнікі фенаменалагізму (Э.Гусерль і яго паслядоўнікі) і экзістэнцыялізму (М.Хайдэгер, К.Ясперс) шукалі агульначалавечы змест, «зашыфраваны» ў нац. і рэгіянальных культурах.
На Беларусі культуралагічныя даследаванні пачаліся ў эпоху гуманіст. адраджэння (біблейская і ант. традыцыі ў асветніцтве Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.К.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі ў М.Сматрыцкага, А.Філіповіча, ідэолагаў Брэсцкай царк. уніі); пазней яны стымуляваліся культ.-нац. адраджэнскім рухам. Традыц.бел. культуру даследавалі лінгвісты, этнографы і фалькларысты рас. (І.Насовіч, П.Шпілеўскі, П.Бяссонаў, П.Шэйн, А.Дабравольскі, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) і польск. (Л.Бароўскі, К.Буйніцкі, З.Даленга-Хадакоўскі, Я.Тышкевіч, А.Кіркор, М.Федароўскі і інш.) школ. У выніку нац. адраджэння 19 — пач. 20 ст. пераадольваліся аднабокія погляды на бел. культуру як на этнагр. традыцыю, сфарміравалася комплексная навука беларусазнаўства і інш.гуманіт. навукі. Бел. К. абгрунтоўвала ідэю агульначалавечай культуры як гарманічнай сугучнасці нац. і рэгіянальных культур, выявіла сутнасць бел.нац. ідэі, раскрыла якасныя характарыстыкі асноўных этапаў развіцця бел. культуры. Даследаванні ў галіне К. каардынуе Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны.
Літ.:
Гегель Г. Философия истории // Соч.М.; Л., 1935. Т. 8;
Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Т. 1. М., 1993;
Конан У.М. Міфалогія, фальклор і літаратура ў кантэксце нацыянальнай культурнай традыцыі // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.
Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.Я.Даленга-Хадакоўскі, І.І.Шыдлоўскі, М.А.Дзмітрыеў, Я.Чачот, П.М.Шпілеўскі, А.Кіркор. Р.С.Зянькевіч, П.В.Шэйн, П.А.Бяссонаў, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, М.А.Янчук, М.В.Доўнар-Запольскі, А.Я.Багдановіч, М.Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.І.Насовіч, М.А.Коласаў, К.Ю.Апель, І.А.Нядзёшаў, Раманаў, У.М.Дабравольскі, А.К.Сержпутоўскі, І.А.Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх.слав.) гісторыі і Д. (А.І.Сабалеўскі, А.А.Шахматаў, В.А.Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.М.Дурнаво, М.М.Сакалоў, Дз.М.Ушакоў).
У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л.бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.А.Бузук, П.А.Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.В.Воўк-Левановіч, С.М.Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.І.Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.В.Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.К.Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.В.Бірыла, Ю.Ф.Мацкевіч, Н.Т.Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.М.Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.Ф.Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.
Літ.:
Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;
Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.