ДАЛАМІ́ТАВЫЯ А́ЛЬПЫ

(Alpi Dolomiti),

горны масіў ва Усх. Альпах, на ПнУ Італіі. Даўж. 120 км. Выш. да 3342 м (г. Мармалада). Характэрны зубчастыя грабяні і стромкія схілы. Складзены з даламітаў і вапнякоў. Ліставыя і хваёвыя лясы. Снежнікі і ледавікі. Некалькі рэзерватаў. Курорты (Корцінад’Ампеца і інш.). Турызм, зімовыя віды спорту.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАМІ́Т

(ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),

1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.

2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд. т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.

У.Я.Бардон.

Даламіт.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы і вырабы, устойлівыя да ўздзеяння высокай (больш за 1580 °C) т-ры. Падзяляюцца на ўласна вогнетрывалыя (з вогнетрываласцю 1580—1770 °C; дынасавыя, кварцавыя, шамотавыя, паўкіслыя вогнетрывалыя матэрыялы), высокавогнетрывалыя (1770—2000 °C; высокагліназёмістыя, даламітавыя, карбарундавыя, форстэрытавыя, храмітавыя) і найвышэйшай вогнетрываласці (больш за 2000 °C; магнезітавыя, шпінельныя, цырконіевыя, коксавыя, графітавыя, з чыстых вокіслаў і інш.).

Вогнетрывалыя матэрыялы бываюць: рознай шчыльнасці, у т. л. легкаважныя (цеплаізаляцыйныя); з пластычных (маюць гліны) і непластычных мас; абпальныя, безабпальныя, плаўленыя, выпілаваныя з горных парод; фармаваныя (фасонная і звычайная цэгла, трубы, пліты) і нефармаваныя (парашкі, растворы, абмазкі, бетоны). Выкарыстоўваюцца для муроўкі металургічных, шклаварных і інш. пячэй, топак, цеплавых агрэгатаў. З іх робяць тыглі, рэторты, дэталі шклоразлівачных каўшоў і інш. Найб. пашыраны ў прам-сці шамотныя вогнетрывалыя матэрыялы, іх атрымліваюць з вогнетрывалай гліны (радовішчы ў Беларусі) і кааліну. Вогнетрывалыя матэрыялы з бескіслародных злучэнняў і чыстых вокіслаў атрымліваюць метадам парашковай металургіі (канчатковая аперацыя — спяканне). Тэхналогія вытв-сці керамічных вогнетрывалых матэрыялаў уключае абпальванне мінер. сыравіны, памол, дабаўку клейкіх рэчываў (гліны, вадкага шкла, вапны, смалы), фармаванне, абпальванне вырабаў. Вогнетрывалыя вырабы выпускае Мінскі фарфоравы з-д. Гл. таксама Вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДАРАСЦІ

(Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.М.Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)