Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».
Створана ў 1931 у г.п.Руба Віцебскага р-на як вапнавы з-д. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».
З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФСКІ КА́МЕНЬ,
гліністы даламіт або тонказярністы, шчыльны, светлы вапняк. Складаецца пераважна з CaCO3 (95—99%) і невял. колькасці SiO2, Al2O3 і інш. прымесей. Матэрыял, з якога вырабляюцца друкарскія формы ў літаграфіі. Найб. вядомае радовішча Л.к. Золенгофен у Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬЧУ́К (Людміла Мікалаеўна) (н. 14.9.1955, г. Ангарск Іркуцкай вобл., Расія),
бел. мастак-кераміст. Скончыла Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел.ун-т культуры (1994). З 1978 на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 на эксперым. керамічным аб’яднанні «Даламіт». Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю форм, кантрастнымі суадносінамі каларыту, багаццем колеравай палітры: «Да сустрэчы», «Вып’ем за Абрамцава» (абодва 1995), «Карнавал», «Сумны рыцар з Ламанчы» (абодва 1996), «Зімовыя забавы», «Жанчына ў капелюшы» (абодва 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал.магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т. л.брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн.прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНАШКЛО́,
порысты матэрыял, які атрымліваюць спяканнем сумесі шклянога парашку і пенаўтваральніка (кокс, мел, даламіт). Сярэдняя шчыльн. 160—300 кг/м³. Мае высокія цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці, лёгка паддаецца мех. апрацоўцы і склейванню.
Выпускаецца ў выглядзе блокаў. Выкарыстоўваюць для цеплаізаляцыі падземных трубаправодаў, падлог, вагонаў-халадзільнікаў, як плывучы матэрыял для выратавальных прыстасаванняў і пантонаў; шклакрошка — для цеплаізаляцыі дахаў. З П. з адкрытымі порамі робяць гукаізалявальныя перагародкі, фільтры для кіслот і шчолачаў. Асн. сыравіна для П. — адходы вытв-сці ліставога шкла, бой аконнага, тарнага і інш. шкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл.Вапнаванне глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬЧУ́К (Валерый Віктаравіч) (н. 11.1.1955, г. Гомель),
бел. мастак-кераміст. Скончыў Абрамцаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1976, Масква), Бел.ун-т культуры (1994). З 1978 працаваў на Добрушскім фарфоравым з-дзе, з 1990 — гал. мастак Віцебскага аб’яднання «Даламіт». Творчасці ўласцівы выразнасць і кампактнасць форм, гульня кантрастаў і імкненне да шматфігурнасці кампазіцый: «Усходні базар» (1988), «Мінарэты» (1996), «Урокі канструктывізму» (1 і 2; 1996, 1997), «Парыў ветру», «Дождж», «Джаз у старым парку», «Сярэдзіна лета», «Абхазскія перавалы», «Аб любові да казкі», «Песні Беларусі» 1 і 2, «Вялікая вада», «Перавал» (усе 1997) і інш.