КАНФЕРАНСЬЕ́ (ад франц. conférencier дакладчык),

артыст эстрады, які вядзе канцэрт. Выступае з самастойнымі, часцей камедыйнымі нумарамі. Упершыню з’явіліся ў 1860-я г. ў парыжскіх кафэшантанах і кабарэ. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна ў т-рах вар’етэ, мініяцюр, з сярэдзіны 20 ст. таксама на муз. і кінафестывалях.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ.

Адбылася 29.11.1924 у Мінску. Каля 40 дэлегатаў ад краязнаўчых і грамадскіх арг-цый. У дакладзе Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК, дакладчык С.​Скандракоў), выступленнях У.​Пічэты, М.​Мялешкі і інш. адзначаліся дасягненні мясц. краязнаўчых арг-цый, выяўленне аб’ектаў вывучэння, папулярызацыя вынікаў даследаванняў, у т. л. выданне зб. «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28), стварэнне музея ў Оршы, вывучэнне курганоў на Мазыршчыне. Падкрэслівалася неабходнасць стварэння масавых краязнаўчых арг-цый, выдання інструктыўна-метадычнай л-ры і спец. часопіса. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыі па арганізац. пытанні і па дакладах навук. устаноў, заклікала прызнаць краязнаўства дзярж. справай, вызначыла перспектывы і метады каардынацыі краязнаўчай работы ў БССР. На Усесаюзны краязнаўчы з’езд абраны Скандракоў, Пічэта, М.​Каспяровіч, Ю.​Бібіла, М.​Каршукоў, Грыгор’еў, Б.​Самцэвіч.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.​Т.​Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.

Р.​П.​Платонаў.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)