Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎКА,
вёска ў Гомельскім р-не, каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 7 км на ПдЗ ад Гомеля. 1312 ж., 329 двароў (1997). Лясніцтва. Разлікова-каап. прадпрыемства. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎКА,
вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Іпа. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 22 км на ПдЗ ад Светлагорска, 135 км ад Гомеля, 9 км ад чыг. ст. Жэрдзь. 103 ж., 60 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Каля вёскі Давыдаўскае радовішча каменнай солі і Давыдаўскае радовішча нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в.Давыдаўка. Адкрыта ў 1941. Паклады звязаны з верхнедэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да Давыдаўскага падняцця Рэчыцкага вала Прыпяцкага прагіну. Соль залягае асобнымі пластамі з тонкімі праслоямі глініста-карбанатных парод. Разведаныя запасы 20,7 млрд.т. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—69 м. Паверхня адкладаў залягае на глыб. 823,4—880 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в.Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎРО́ЦКІ (Алесь) (Аляксандр Піліпавіч; н. 12.2.1937, в.Давыдаўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі мед.ін-т (1962). Працаваў фельчарам у Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., урачом у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., з 1965 у Мінску на станцыі хуткай мед. дапамогі. Друкуецца з 1954. Яго вершы (зб-кі «Неба ўсміхаецца маланкаю», 1962; «Гарачы снег», 1968) вылучаюцца асацыятыўнасцю і метафарычнасцю, іроніяй і гратэскам, глыбінёй роздуму і свежасцю вобразнага ўспрыняцця свету. Аўтар рамана «Валун» (1994) пра жыццё пасляваен. вёскі, апавяданняў (зб. «Валун», 1976).
Тв.:
Пакаленні і папялішчы: Кн. вершаў. Мн., 1990.
Літ.:
Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п.Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1952), Мінскі пед.ін-т (1955). У жн.—ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦККПБ. Чл.ЦККПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).