ДАВО́ДКА,
1) канчатковая апрацоўка дэталей або інструментаў пасля іх чыставой (звычайна абразіўнай) апрацоўкі для атрымання малой шурпатасці паверхні і дакладных памераў. Робіцца на даводачных станках або ўручную.
2) Ліквідацыя дэфектаў, паляпшэнне тэхналогіі вырабу і работы новай машыны (устаноўкі) перад запускам яе ў вытв-сць.
3) Перыяд мартэнаўскай плаўкі ад пачатку кіпення да раскіслення металу, на працягу якога састаў металу даводзяць да зададзенага (дабаўленнем адпаведных рэчываў).
4) Канчатковая стадыя абагачэння карысных выкапняў, у выніку якой атрымліваюць кандыцыйны канцэнтрат. Ажыццяўляецца паўторным выкарыстаннем тых самых метадаў, што і пры атрыманні чарнавых канцэнтратаў, або хім.-металургічнымі метадамі.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́ДАЧНЫ СТАНО́К,
прыцірачны станок, станок для канчатковай (аддзелачнай) апрацоўкі (даводкі, прыціркі) паверхні дэталі. Універсальны даводачны станок мае 2 плоскія дыскі (прыціры), паміж якімі змяшчаюцца дэталі. Даводка робіцца дробназярністым абразіўным парашком або пастай. Спецыялізаваныя даводачныя станкі прызначаны для даводкі асобных дэталей. Даводачныя станкі выкарыстоўваюць для апрацоўкі дэталей высокага класа дакладнасці: вымяральных інструментаў, разцоў, клапанаў, зубчастых колаў, шыек каленчатых і кулачкоў размеркавальных валоў і інш.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)