ГІСТА...

(ад грэч. histos тканка),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да тканак жывёльнага арганізма, напр., гісталогія, гістагенез.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гіста-гематычныя бар’еры 3/421

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш. спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш. Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАФІЗІЯЛО́ГІЯ

(ад гіста... + фізіялогія),

раздзел гісталогіі, які вывучае ўзаемасувязі структуры клетак, тканак і органаў з іх функцыянаваннем і зменамі ў розных фізіял. станах. Даследаванні па гістафізіялогіі праводзяць на жывых клетках арганізма з дапамогай спец. мікраскопаў-ілюмінатараў, ужыўлення празрыстых камер у арганізм жывёлы або выкарыстання пярэдняй камеры вока для вывучэння цыркуляцыі крыві ў мікрасасудах, працэсаў міграцыі лейкацытаў, ранніх стадый развіцця зародка і інш. Шырока выкарыстоўваюць культуру клетак і тканак пры вывучэнні жывых структур (гл. Культура тканкі), метад трансплантацыі клетак крыві і касцявога мозгу ад здаровых жывёл-донараў апрамененым жывёлам-рэцыпіентам. Выкарыстоўваюць вітальнае (прыжыццёвае) і суправітальнае (клетак, вылучаных з арганізма) афарбаванне клетак і тканак спец. фарбавальнікамі з наступным вывучэннем метадамі гістахіміі, мікраскапіі, радыёаўтаграфіі і інш., што дазваляе высвятляць заканамернасці функцыянавання жывых сістэм і механізмы іх змен пры паталогіі.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАХІ́МІЯ

(ад гіста... + хімія),

навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.

Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.В.Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.

На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.М.Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАГЕНЕ́З

(ад гіста... + ...генез),

працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАЛО́ГІЯ

(ад гіста... + ..логія),

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця, будову і жыццядзейнасць тканак і органаў жывёл і чалавека. Даследуе комплексы клетак, што ўваходзяць у склад тканкі, у іх узаемадзеянні паміж сабой і з прамежкавымі асяроддзямі. Як частка марфалогіі гісталогія цесна звязана з эмбрыялогіяй (гістагенез), цыталогіяй, фізіялогіяй (гістафізіялогія), біяхіміяй (гістахімія). Падзяляецца на агульную (вывучае тканкі) і прыватную (вывучае мікраскапічную будову асобных органаў і сістэм арганізма).

Развіццё гісталогіі як самаст. навукі звязана з узнікненнем мікраскапіі (італьян. вучоны Г.Галілей, 1610, англ. Р.Гук, 1665, галанд. А.Левенгук, 1695), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. вучоны Т.Шван, 1839) і класіфікацыі тканак (ням. вучоныя Р.А.Кёлікер, 1852, і Ф.Ляйдыг, 1857). Тэрмін «гісталогія» ўвёў ням. анатам К.Маер (1819). У Расіі адным з першых гістолагаў быў А.М.Шумлянскі, які ў 1752 апісаў будову нырак. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пытанні гісталогіі нерв. сістэмы высвятлялі А.І.Бабухін, М.Д.Лаўдоўскі, А.С.Догель, П.І.Перамежка і інш. Была створана эвалюцыйная гісталогія (школы А.А.Заварзіна і М.Р.Хлопіна), нейрагісталогія (Б.І.Лаўрэнцьеў, М.А.Міслаўскі і інш.).

На Беларусі развіццё гісталогіі звязана з арганізацыяй кафедры гісталогіі ў БДУ (з 1921). Даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах, Ін-це фізіялогіі Нац. АН. У 1920—60-я г. вывучаліся будова і развіццё клетачнага ядра, узаемасувязі морфадынамічных сістэм, што забяспечваюць раздражняльнасць клеткі, абмен рэчываў і энергіі, рост, размнажэнне і палавы працэс (П.А.Маўрадыядзі), працэсы неўратызацыі ўнутр. органаў чалавека і жывёл (П.Я.Герке), інервацыя серозных абалонак і прыдаткавых зародкавых органаў (В.Н.Блюмкін). У 1960—90-я г. даследаваліся марфал. асновы кампенсатарна-прыстасавальных рэакцый у нерв. сістэме, структура нейрасакрэтарных клетак гіпаталамуса (С.М.Мілянкоў), фарміраванне і будова нервовамышачных сувязей у працэсе развіцця (Я.Я.Карытны), органы імуннай сістэмы (А.Ф.Суханаў) і скуры (А.Д.Мядзелец). З 1970-х г. вывучаецца эмбрыянальны морфагенез органаў розных сістэм арганізма, узаемасувязі развіцця ўнутр. органаў і рэгулявальных сістэм (А.А.Арцішэўскі, Я.І.Бальшова, Н.А.Жарыкава, А.С.Леанцюк, Т.М.Малярэвіч, І.А.Мельнікаў і інш.). Распрацаваны метады інфармацыйнага, карэляцыйнага, фрактальнага аналізу біял. сістэм (Леанцюк). Вывучаецца нейрагумаральная рэгуляцыя структуры і хім. арганізацыі страўнікавых залоз (А.А.Турэўскі), мышцаў і клетак крыві (Т.Г.Мацюхіна), гісталогія нерв. сістэмы (А.П.Амвросьеў, Л.І.Арчакова, Д.М.Голуб, У.М.Калюноў, Ф.Б.Хейнман і інш.).

Літ.:

Гистология. 4 изд. М., 1989;

Голуб Д.М. Очерки развития морфологии в БССР // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)