дзяржаўная навучальна-выхаваўчая ўстанова ў Стараж. Грэцыі і на эліністычным Усходзе. Атрымалі найб. пашырэнне ў 5—4 ст. да н.э. Першапачаткова прызначаліся для фіз. практыкаванняў, пазней сталі цэнтрамі зносін і месцамі мусічных і фіз. практыкаванняў моладзі. У гімнасій паступалі пасля палестры (прыватнай гімнастычнай школы) юнакі ва ўзросце 16 гадоў са знатных сем’яў і да 18 гадоў займаліся ў ім гімнастыкай, атрымлівалі літ., філас. і паліт. адукацыю. Найб. вядомымі гімнасіямі былі Акадэмія платонаўская, дзе вёў гутаркі са сваімі вучнямі Платон, і Лікей, засн. Арыстоцелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МПІЯ (Olympia),
старажытнагрэчаскі горад на ПнЗ п-ва Пелапанес, на р. Алфей. Рэліг. цэнтр стараж. грэкаў, месца культу Зеўса і правядзення Алімпійскіх гульняў. Буйны цэнтр мастацтваў (7—4 ст. да н.э.). У канцы 7 ст. да н.э. пабудаваны храм Геры і 12 скарбніц на шляху да храма. Гал. Частка арх. ансамбля — храм Зеўса (468—456 да н.э., арх. Лібан), дзе знаходзілася вялізная статуя Зеўса з золата і слановай косці (скульпт. Фідый), залічаная грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету.
Сярод арх. помнікаў: будынак савета (булеўтэрый, 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 5 ст. да н.э.), храм Маці багоў (1-я пал. 4 ст. да н.э.), свяцілішча Пелапса, гімнасій і інш. З усталяваннем хрысціянства Алімпія заняпала, у 426 н.э. спалена па загадзе рым. імператара Феадосія II. У час раскопак (вядуцца з 1829) выяўлена больш за 130 статуй, каля 13 тыс. бронзавых прадметаў, да 10 тыс. надпісаў на бронзавых таблічках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬФЫ (грэч. Delphoi),
старажытны горад у Грэцыі каля падножжа гары Парнас у паўд.-зах. Факідзе. Буйны рэліг. цэнтр з храмам і аракулам бога Апалона. У 7—6 ст. да н.э. Д. набылі ролю агульнагрэч. свяцілішча. З 582 да н.э. ў іх праходзілі агульнагрэч. піфійскія гульні, на час якіх усталёўвалася свяшчэннае перамір’е. З дароў Апалону ў Д. назапасіліся вял. скарбы і горад стаў буйным крэдытна-пазыковым цэнтрам. У 279 да н.э. Д. спустошаны галамі, у 189 да н.э. захоплены рымлянамі, у 86 да н.э. абрабаваны Сулам, які вывез адсюль творы мастацтва. Пасля дэкрэта рым. імператара Феадосія I аб закрыцці храма (391 н.э.) горад паступова заняпаў. Цяпер Д. — невял. населены пункт.
З горным рэльефам гарманічна спалучаюцца помнікі Д., адкрытыя раскопкамі з 1892: храм Апалона Піфейскага (6 ст. да н.э., перабудаваны ў 4 ст. да н.э., арх. Ксенадор і Агатан), скарбніцы сіфнійцаў (каля 525 да н.э.), афінян (480 да н.э.) і інш., стоя (галерэя-порцік) афінян (475 да н.э.), выбіты ў скале т-р на 5 тыс. гледачоў (4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Апалона. Фундаменты старога (канец 7 ст. да н.э.) і новага (канец 6 ст. да н.э.) храмаў Афіны Пранаі, круглая ў плане грабніца — фалос (пач. 4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Афіны. Стадыён (каля 460 да н.э.), гімнасій (334—327 да н.э.), басейн Кастальскай крыніцы (7 ст. да н.э.). Арх. музей (каштоўныя зборы ант. мастацтва — надпісы, скульптуры, у т. л. бронзавая статуя возніка, рэльефы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́ЗІЯ,
сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова (звычайна гуманітарна-філал. кірунку). Тэрмін запазычаны са Стараж. Грэцыі (гл.Гімнасій). Упершыню гімназіяй была названа сярэдняя школа, адчыненая ў 1538 у Страсбуры (Францыя). У 16—18 ст. гімназіі ўзніклі ў многіх гарадах Германіі. У 19 ст. гімназіямі звычайна называлі сярэднія школы з адносна трывалым курсам навучання, дзе гал. ўвага аддавалася вывучэнню помнікаў класічнай л-ры. Назву гімназіі мелі адпаведныя навуч. ўстановы большасці краін Еўропы, у т. л. Расіі. Яны былі найб. пашыраным тыпам сярэдняй школы, арыентаванай гал. чынам на шырокую інтэлектуальную адукацыю. У 2-й пал. 19 — 1-й пал. 20 ст. ўзніклі разнавіднасці гімназіі: рэальныя, новых моў, прыродазнаўча-матэматычныя і інш. У многіх краінах гімназіі захоўваюць значэнне адзінай сярэдняй навуч. ўстановы, якая дае права паступлення ва ун-т.
На Беларусі гімназіі дзейнічаюць з пач. 19 ст. У 1804 у гімназіі пераўтвораны гал.нар. вучылішчы. Паводле «Статута навучальных устаноў Віленскай навучальнай акругі» (1803) гімназіі адкрыты ў Мінску (1803), Свіслачы (1807), Віцебску (1808), Магілёве (1809), Слуцку (1827), Гродне (1834), Жыровічах. Статут 1864 прадугледжваў 3 тыпы гімназій з 8-гадовым курсам навучання: класічныя з грэч. і лац. мовамі, класічныя з лац. мовай (давалі права паступлення ва ун-ты і інш.ВНУ), рэальныя, без стараж. моў (у большым аб’ёме выкладалася прыродазнаўства, што давала права паступлення ў вышэйшыя тэхн.навуч. ўстановы). У 1870 у гімназіі перайменаваны жаночыя вучылішчы Мін-ванар. асветы з 6-гадовым курсам навучання. З 1872 рэальныя гімназіі пераўтвораны ў рэальныя вучылішчы. На Беларусі да 1913 дзейнічалі жаночыя дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слуцку і інш. На 1.1.1915 было 14 дзярж. і 5 прыватных мужчынскіх, 17 дзярж. і 23 прыватныя жаночыя гімназіі. У 1918 на сав.тэр. Беларусі гімназіі скасаваны. У Зах. Беларусі ў 1917 — пач. 1920-х г. Адкрыта 6 прыватных бел. гімназій: Будслаўская беларуская гімназія, Віленская беларуская гімназія, Клецкая, Навагрудская, Нясвіжская, Радашковіцкая. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. гімназіі ў Зах. Беларусі закрыты польск. ўладамі. У Гродне, Навагрудку, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Ваўкавыску, Пружанах, Маладзечне, Стоўбцах і інш. гарадах Зах. Беларусі дзейнічалі польскія гімназіі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) гімназіі як тып навуч. ўстановы былі скасаваны. У 1920—30-я г. ў Латвіі дзейнічалі Дзвінская і Люцынская дзярж.бел. гімназіі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. на Беларусі зноў пачалі стварацца гімназіі. У 1996/97 навуч.г. ў Рэспубліцы Беларусь працавала 68 гімназій (63,5 тыс. вучняў). Сучасныя гімназіі — сярэднія агульнаадук. ўстановы з павышаным узроўнем навучання.