Гімнастыка 2/581; 3/481—482; 4/499; 6/487; 10/576
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),
сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл. Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).
т. 5, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лячэбная гімнастыка 3/482; 6/487
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Вытворчая гімнастыка 1/124; 3/304—305 (укл.), 482
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМІ́ЧНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
комплексы фізічных практыкаванняў, якія выконваюцца пад музыку; разнавіднасць аздараўленчай гімнастыкі. Узнікла ў ЗША у 1960-я г., у Расіі і Беларусі — з сярэдзіны 1970-х г. Заняткі Р.г. павышаюць жыццёвы тонус, разумовую і фіз. працаздольнасць, запавольваюць працэс старэння, паляпшаюць работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, абмен рэчываў, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі, супраціўляльнасць арганізма неспрыяльным уздзеянням, спрыяюць захаванню сілы, гнуткасці і прыгажосці цела.
Пры складанні комплексаў Р.г. ўлічваюцца ўзростава-палавыя асаблівасці, узровень фіз. падрыхтаванасці. Выкарыстоўваюцца агульнаразвівальныя практыкаванні і танц. рухі пад музыку, якая задае тэмп, рытм рухаў і фіз. нагрузку. Гл. таксама Аэробіка.
т. 13, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,
від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.
На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.Агрызка, В.Ваткіна, В.Гантар, І.Лісоўская, В.Рабіновіч, Ю.Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).
т. 10, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.
Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.
На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.С.Ваткін, В.Дз.Дзмітрыеў, Р.Л.Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л. чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.Іванкоў, М.Мілігула, В.Шчэрба, А.Кан, А.Малееў, В.Рудніцкі, У.Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.Аржаннікава, С.Багінская, С.Баітава, А.Валчэцкая, Н.Кім, В.Корбут, А.Кошаль, Т.Лазаковіч, Л.Петрык, А.Піскун і інш. А.М.Петрыкаў.
т. 15, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЖА́ННІКАВА Таццяна Пятроўна (н. 20.11.1964, Віцебск),
бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Чэмпіёнка свету 1978 у камандным першынстве ў складзе каманды СССР, неаднаразовы пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́НІНА Ларыса Сямёнаўна (н. 27.12.1934, г. Херсон, Украіна),
украінская спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер СССР (1972), суддзя міжнар. катэгорыі (1968). Скончыла Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1959). Ст. трэнер жан. зборнай каманды СССР (1966—77), дзяржтрэнер Маскоўскага спарткамітэта (1980—90). Уладальніца найб. колькасці медалёў (18) у гісторыі сучасных Алімп. гульняў, 9-разовая чэмпіёнка XVI, XVII і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія — у асабістым і камандным першынствах, апорных скачках, вольных практыкаваннях; 1960, Рым — у асабістым і камандным першынствах, вольных практыкаваннях; 1964, Токіо — у камандным першынстве і вольных практыкаваннях). Абс. чэмпіёнка свету (1958, 1962), Еўропы (1957, 1961), СССР (1961—62). Аўтар успамінаў «Гімнастыка праз гады» (1977).
т. 9, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАБА́НАЎ Юрый Анатолевіч (н. 2.2.1963, г. Віцебск),
бел. спартсмен (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту (1984). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён свету 1985 у складзе каманды СССР, неаднаразовы чэмпіён СССР, пераможца міжнар. спаборніцтваў.
т. 2, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)