ГІДРАФІ́ТЫ

[ад гідра... + ...фіт(ы)],

водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГРАФІ́ТЫ

[ад гігра... + ...фіт(ы)],

расліны, якія жывуць ва ўмовах залішняга ўвільгатнення. Да гіграфітаў адносяцца травяністыя расліны вільготных трапічных лясоў, балот (гелафіты), вільготных глеб. Па ўмовах жыцця і асаблівасцях будовы да гіграфітаў вельмі блізкія расліны з паглыбленым у ваду або плаваючым лісцем — гідатафіты, гідрафіты. У адрозненне ад ксерафітаў у гіграфітах няма прыстасаванняў, якія абмяжоўваюць расходаванне вады. Маюць пераважна тонкія вял. ліставыя пласцінкі са слабаразвітой кутыкулай. Сцёблы доўгія, мех. тканкі амаль не развітыя, каранёвая сістэма слабая, таму нязначны недахоп вады выклікае ў іх завяданне.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія растуць у вадзе. Адрозніваюць расліны, паглыбленыя ў ваду толькі ніжняй часткай (гідрафіты) і цалкам або большай сваёй часткай (гідатафіты). Вядома больш за 260 відаў водных раслін, з іх на Беларусі больш за 150 відаў. Воднае асяроддзе абумовіла асаблівыя рысы арганізацыі водных раслін: значнае павелічэнне паверхні цела, што палягчае паглынанне неабходнай колькасці кіслароду і інш. газаў, якіх у вадзе ў 30 разоў менш, чым у паветры. У водных раслін развіта разналістасць: падводнае, плаваючае і паверхневае лісце на адной расліне адрозніваецца ўнутр. і вонкавай будовай. Амаль усе — мнагалетнікі, размнажаюцца вегетатыўна. Насенне і плады разносяцца птушкамі або воднымі цячэннямі. Водныя расліны ўдзельнічаюць у прыроднай ачыстцы вадаёмаў, ва ўзбагачэнні вады кіслародам, у назапашванні сапрапеляў і торфу. Многія — добрыя індыкатары чысціні вады, выбіральна паглынаюць шкодныя рэчывы. Масавае развіццё водных раслін можа выклікаць замор рыбы, зарастанне.

Г.А.Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,

працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. Раслін.

Л.Г.Емяльянаў.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)