Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,
расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,
міжродавыя гібрыдыпшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.Рампаў.
Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.
На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),
арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.
У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл.Гібрыдызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́СЦЕР,
рыба, атрыманая ў выніку штучнай гібрыдызацыі бялугі і сцерлядзі ў Расіі (1952), адсюль назва. Спалучае хуткі рост бялугі і ранняе выспяванне сцерлядзі. На Беларусь завезена ў 1973—74 на рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) для вывучэння перспектыў рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 180 см, маса больш за 30 кг. Пладавітая. Хутка расце. У аквакультуры гібрыды 1-га пакалення за год дасягаюць масы да 500 г, за 2 гады — да 4 кг. Вырошчваюць у басейнах, садках, сажалках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́БУ (Bos indicus),
падвід свойскай буйной рагатай жывёлы з невял. тлушчавым гарбом на карку. Пашыраны ў Азербайджане, Паўд. і Сярэдняй Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы. Гадуюць пераважна як мясную і рабочую жывёлу. Добра пераносяць засушлівы клімат, непатрабавальныя да кармоў. Гарбы па фізіял. прызначэнні аналагічныя гарбам вярблюдаў і курдзюкам сярэднеазіяцкіх авечак. Масць чорная і чырвона-пярэстая, рыжая, шэрая, бурая. Маса дарослых кароў 250—550 кг, быкоў 300—1000 кг. Гібрыды З. з буйн. раг. жывёлай пладавітыя, што выкарыстоўваюць пры стварэнні новых мясных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАНС ((Nathans) Даніэл) (н. 30.10.1928, г. Уілмінгтан, ЗША),
амерыканскі вірусолаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Дэлавэрскі ун-т (1950). Працаваў ва ун-тах Вашынгтонскім і Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па структуры і функцыі генома віруса. Выкарыстаў ферменты рэстрыктазы для даследавання структуры (карціравання) ДНК аднаго з анкагенных вірусаў. Вывучыў працэс яго рэплікацыі і транскрыпцыі, выявіў у яго геноме «анкагенны» ўчастак, атрымаў яго т.зв. эвалюцыйныя мутанты і гібрыды з адэнавірусамі. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з Г.Смітам і В.Арберам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),
адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн.генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЛУ́МАЎ (Авядзікт Лук’янавіч) (12.12.1896, г. Сімферопаль, Украіна — 30.9.1972),
расійскі біёлаг-селекцыянер. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Варонежскі с.-г.ін-т (1923, Расія). З 1922 ва Усерас.НДІцукр. буракоў і цукру (Варонежская вобл.). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы цукр. буракоў. Вывеў 52 сарты і гібрыдыцукр. буракоў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Ленінская прэмія 1965.
Тв.:
Селекция сахарной свеклы. М., 1950;
Методы селекции, создание высокопродуктивных сортов и гибридов сахарной свеклы и их внедрение в производство // Тр. Всесоюз. НИИ сахарной свеклы. 1965. Т. 2, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЛІ́ННІК, энатэра,
начная свечка (Oenothera),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.
Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.