ГЭ́РЫ (Gary),

горад на Пн ЗША, у штаце Індыяна, паўд.-ўсх. прыгарад г. Чыкага. Каля 150 тыс. ж., з гарадамі Хаманд, Іст-Чыкага і прыгарадамі каля 700 тыс. ж. (1994). Порт на воз. Мічыган. Буйны цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для металургічнай прам-сці, металаканструкцый, труб, чыг. цыстэрнаў, карпусоў танкаў, падшыпнікаў, аўтадэталей, эл. абсталявання), хім., нафтаперапр., цэментавая.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РМАН ((Borman) Фрэнк) (н. 14.3.1928, г. Гэры, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1950), Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1957). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 разам з Дж.​Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-7». 21—27.12.1968 разам з Ловелам і У.​Андэрсам ажыццявіў першы ў свеце палёт да Месяца на касм. караблі «Апалон-8». Агульная працягласць палётаў 18,7 сут. Імем Бормана названы кратэр на Месяцы.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Майкл) (н. 29.8.1958, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША),

амерыканскі рок-спявак і кампазітар. Прафес. выступленні пачаў у 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 наз. «Джэксаны»), першы сольны «хіт» выканаў у 1971 («Павінен быць тут»). З 1979 супрацоўнічаў са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.​Джонсана. Сярод найб. вядомых альбомаў: «Са сцяны» (1979), «Трылер» (1982), «Дрэнны» (1987), «Небяспечны» (1991), шматлікія пласцінкі-«сінглы», у т. л. «Білі Джын» (1983). Найб. дасягненне Дж. як кампазітара — песня «Мы — гэта свет» (1985, разам з Л.​Рычы), у запісе якой удзельнічалі многія зоркі сусв. музыкі. Яго відэа- і канцэртныя выступленні вылучаюцца экспрэсіяй, пластычнасцю, прадуманай харэаграфіяй, уражвальнымі рэжысёрскімі вырашэннямі.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫЯ́НА (Indiana),

штат на Пн ЗША, паміж воз. Мічыган і р. Агайо. Пл. 93,4 тыс. км². Нас. 5840 тыс. чал. (1996). Адм. ц.г. Індыянапаліс, найб. гарады: Форт-Уэйн, Гэры, Эвансвіл, Саўг-Бенд, Хаманд. Рэльеф раўнінны, на Пд узгоркі выш. да 383 м. Клімат умерана вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля -4 °C, ліп. каля 25 °C. За год выпадае ад 890 мм (на Пд) да 1120 мм (на Пн) ападкаў.

Індустр.-агр. штат. Вядучая галіна гаспадаркі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія, вытв-сць трансп. абсталявання, аўтамаб. і авіяц. рухавікоў, разнастайных прамысл., электронных і эл.-тэхн. вырабаў, цэменту, нафтапрадуктаў, хімікатаў, харч. прадуктаў, у т. л. дзіцячага харчавання. Здабыча нафты і каменнага вугалю. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства (62% даходаў). Штат размешчаны ў кукурузным поясе, с.-г. ўгоддзі займаюць больш за 75% тэрыторыі. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, сеяныя травы, агародніну, тытунь. Цяплічныя гаспадаркі.

Садоўніцтва. Мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,15, свіней — 3,75, курэй — 26,2, індыкоў — 14. Густая сетка аўтадарог і чыгунак. Суднаходства па воз. Мічыган і р. Агайо.

Тэр. І. здаўна насялялі індзейцы. У 1670-я г. адкрыта еўрапейцамі (першым лічыцца француз Р. Ла Саль). З канца 17 — пач. 18 ст. каланізавана французамі (ч. Новай Францыі). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 пад уладай Вялікабрытаніі. Пасля вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 адышла да ЗША і стала часткай іх паўн.-зах. тэрыторый (1787). З 1809 прыблізна ў сучасных межах У ходзе засялення еўрапейцамі мясц. індзейцы, якія супраціўляліся каланізацыі (апошняе буйное паўстанне адбылося ў час англа-амер. вайны 1812—14), знішчаны або выцеснены са сваіх зямель. З 1816 штат ЗША.

т. 7, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)