Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУК МУЗЫ́ЧНЫ,
найменшы структурны элемент музыкі. Асн. яго ўласцівасці; дакладная вышыня, гучнасць, працягласць і тэмбр. З гукаў фіксаванай вышыні (тонаў), якія здольны ўспрымаць чалавечы слых, у музыцы выкарыстоўваецца параўнальна нязначная частка; іх адбор вызначаецца фізіял. асаблівасцямі слыху, камунікатыўнай прыродай муз. мастацтва, эстэт. патрабаваннямі музыкантаў і слухачоў. Асобна ўзяты гук музычны не валодае маст. выразнасцю, аднак набывае яе пры ўключэнні ў пэўную гукавую сістэму, у пэўны муз. кантэкст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СА ((Cossa) Франчэска дэль) (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦНАСЦЬ ГУ́КУ, гучнасць гуку,
мера сілы слыхавога адчування, выкліканая гукам. Залежыць ад гукавога ціску і адчувальнасці вуха, якая неаднолькавая для гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці. Узровень М.г. вымяраецца ў фонах.
Для параўнання М.г. рознай частаты карыстаюцца фіз. велічынёй, якая наз. ўзроўнем чутнасці і выражаецца формулай
, дзе р — гукавы ціск для гуку з частатой 1 кГц і такой жа гучнасцю, як і даследаваны; p0 = 2∙10−5 Па — стандартны парог чутнасці для частаты 1 кГц. Парогам чутнасці наз. гукавы ціск, пры меншым за які вуха не чуе гуку. Парогам болевага адчування наз. гукі дастаткова вял. інтэнсіўнасці, што таксама не ўспрымаюцца вухам і выклікаюць болевае адчуванне пры перавышэнні гэтага парога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦЁРСКАЯ МІНІЯЦЮ́РА,
мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-я г. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІКІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛАмініяцюры,
армянская школа мініяцюры 2-й пал. 12—14 ст., якая склалася ў Кілікійскай армянскай дзяржаве. Сфарміравалася на аснове традыцый арм. мініяцюры і пад уплывам візант. і зах.-еўрап. жывапісу. Гал. цэнтры К.ш. — манастыры Ромкла, Грнер, Дразарк. У афармленні рукапісаў пераважалі хараны (арачнае афармленне «канонаў згоды»), маргінальныя знакі (паказальнік абзаца або главы тэксту), вял. літары, сюжэтныя ілюстрацыі. Раннія мініяцюры вызначаліся пэўнай цяжкаважкасцю арх. форм харанаў, буйным арнаментам, пераважна геам. і пальметным, цёплымі прыглушанымі тонамі. Мініяцюрам часу росквіту (2-я пал. 13 ст.; найбуйнейшы майстар — Тарос Раслін) уласцівы багацце арнаментальных форм, якія ўключалі і выявы птушак, звяроў, чалавека, віртуозны дынамічны малюнак, гучнасць фарбаў, што падкрэслівалася праз увядзенне золата, яркая эмацыянальнасць індывідуалізаваных выяў людзей. У пач. 14 ст. ў К.ш. выявіліся рысы заняпаду. Традыцыі К.ш. захоўваліся ў арм. мініяцюры да канца 18 ст.
Літ.:
Армянская миниатюра Древней Армении. Ереван, 1969.
Да арт.Кілікійская школа мініяцюры. Тарос Раслін. Пераход яўрэяў праз Чырвонае мора. Мініяцюра з «Чашоца» Хетума II. 1286.