Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ (ням. Gurt літар. пояс, папруга),
у гатычнай архітэктуры арка з абчасаных клінападобных камянёў ці цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткаватага, зорчатага і інш. формы скляпення; тое, што і нервюра. Гуртам наз. таксама прафіляваную гарыз. цягу, якая расчляняе фасад будынка на ярусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ,
бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.
Карбоўка на гурце расійскіх манет 18 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРТ (у бел.муз. фальклоры),
устойлівы ансамбль з некалькіх творча раўнапраўных спевакоў. Кожны з іх выконвае ў ансамблі пэўную функцыю, якая асэнсоўваецца як асаблівае майстэрства і замацоўваецца ў спец. тэрміналогіі: запявала «заводзіць» песню, тыя, што вядуць асн. напеў ніжняга голасу, — «басуюць», а выканаўца верхняга сольнага голасу «падводкі» «падымае» песню. Пашыраны пераважна ў паўд. раёнах Беларусі.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971. С. 19—28.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРТ»,
саюз пралетарскіх пісьменнікаў Украіны ў 1923—25 (мясц. філіі існавалі да 1927). Уваходзілі В.Блакітны, І.Ле, І.Мікітэнка, У.Сасюра, П.Тычына і інш. Меў філіі: тэатральны «Гурт» (група дзеячаў рабочага т-ра), заакіянскі «Гурт» (саюз пралетарскіх укр. пісьменнікаў ЗША і Канады, 1924—29). Друкаваны орган — альманах «Гарт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІЦВІ́НЫ»,
бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш.Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел.нар. песень, абрадавая і танц.нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) i IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж.усх.-слав.нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.
Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).
М.А.Каладзінскі.
Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1987 у Гродне на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1997): ансамбль песні, музыкі і танца «Белыя росы» (маст. кіраўнік Я.Штоп), ансамбль сучаснай харэаграфіі «ТАД», танц. дуэт Ю. і Л.Зябкіных; сярод салістаў І.Брускін (фп.), У.Захараў (гітара), засл. арт. Расіі Ю.Трашкееў (чытальнік). У 1987—89 у філармоніі працавалі канцэртна-лекцыйная брыгада, рок-гурт «Рада». Удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧО́БНІКІ,
група мужчын (радзей жанчын), якія ў першы дзень Вялікадня з вечара і ўсю ноч абходзілі двары і спявалі пад вокнамі валачобныя песні (асобна гаспадару, гаспадыні, іх дарослай дачцэ, нежанатаму сыну). Валачобны гурт складаўся з запявалы («пачынальніка»), падпявальнікаў, музыкі (звычайна скрыпача) і механошы, які збіраў дары («валачобнае» — фарбаваныя яйкі, велікодныя булкі, сыр, невял. грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Пн Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая святочная забава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),
назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас.Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).