Гумусавы вугаль, гл. Вугалі выкапнёвыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГАРЫЗО́НТ,

функцыянальнае падраздзяленне ярусаў у біяцэнозах. Асобным біягарызонтам можа з’яўляцца полаг расліннасці або яго часткі (напр., біягарызонт генератыўных органаў у пырнікавым лузе, верхні біягарызонт лісцевага полага ў бярозавым лесе). Да біягарызонту адносяць таксама некаторыя генет. гарызонты глебы (напр., гумусавы), падраздзяленні біятопаў: геобій (месцажыхарства дробных жывёл ніжэй за паверхню глебы), герпетобій (на яе паверхні) і фітобій (на зялёных раслінах).

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,

аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БА,

паверхневы слой зямной кары, які развіўся ў выніку сумеснага ўздзеяння на горную (мацярынскую) пароду паветра, атм. ападкаў, сонечнага цяпла, жывых і адмерлых арганізмаў і мае прыродную ўрадлівасць; асн. сродак с.-г. вытв-сці.

Складаецца з генетычна звязаных глебавых гарызонтаў, якія адрозніваюцца саставам, будовай, структурай, колерам і інш. ўласцівасцямі; іх сукупнасць утварае глебавы профіль. Найб. значэнне мае верхні перагнойны або гумусавы гарызонт, на ворных землях ён дасягае 25—30 см. У глебе вылучаюць цвёрдую (гумус, першасныя і другасныя мінералы), вадкую (глебавы раствор), газападобную (глебавае паветра) часткі і жывыя арганізмы (глебавую фауну і флору). Глебы бываюць розных генетычных тыпаў, падтыпаў, родаў, відаў, разнавіднасцей. Паводле грануламетрычнага складу адрозніваюць пясчаныя глебы, супясчаныя глебы, сугліністыя глебы і гліністыя глебы, паводле колькасці вільгаці — нармальна ўвільготненыя (аўтаморфныя), часова і пастаянна пераўвільготненыя (паўгідраморфныя і гідраморфныя), якія патрабуюць асушэння. У залежнасці ад прыродных якасцей выбіраюць найб. эфектыўныя прыёмы іх паляпшэння. Глеба бесперапынна развіваецца і зменьваецца, у т. л. пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека.

На тэр. Беларусі шмат тыпаў глебы, што розняцца паміж сабой будовай профілю, уласцівасцю і ўрадлівасцю, якую магчыма павялічыць пры дапамозе ўгнаенняў, апрацоўкі, рэгулявання воднага рэжыму і інш. Самыя пашыраныя тыпы: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (абодва найб. выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытв-сці), таксама дзярновыя забалочаныя глебы, поймавыя глебы, тарфяна-балотныя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы і падзолістыя глебы.

Н.М.Івахненка.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)