«ГРЭСК»,

жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭСК,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).

Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял. Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.І.Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.Г.Войчык), вёсках Стараселле (А.В.Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.І.Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́СКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Слуцкай акругі. Цэнтр — в. Грозаў. Пл. 1069 км², нас. 33 992 чал., 288 населеных пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у складзе Мінскай акругі. Скасаваны 8.7.1931, тэр. ўвайшла ў склад Капыльскага, Пухавіцкага і Слуцкага р-наў. Зноў утвораны 12.2.1935. Цэнтр — мяст. Грэск. Пл. 1000 км², 151 населены пункт. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 21.6.1935 у Слуцкай акр., з 20.2.1938 і з 8.1.1954 у складзе Мінскай, з 20.9.1944 — Бабруйскай абл. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Уздзенскі р-ны.

т. 5, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)