Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЭСК»,
жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСК,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял.Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЦЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.9.1919, в.Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1997),
бел. матэматык. Д-рпед.н. (1987), праф. (1990). Скончыў БДУ (1950). З 1961 у БДУ. Навук. працы па дыдактыцы матэматыкі, пытаннях методыкі выкладання матэматыкі. Распрацоўваў псіхолага-пед. асновы дыдактыкі матэматыкі.
Тв.:
Психолого-педагогические основы дидактики математики. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́СКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—56. Утвораны 17.7.1924 у складзе Слуцкай акругі. Цэнтр — в.Грозаў. Пл. 1069 км², нас. 33 992 чал., 288 населеных пунктаў (1925). Падзяляўся на 10 сельсаветаў. З 9.6.1927 да 26.7.1930 у складзе Мінскай акругі. Скасаваны 8.7.1931, тэр. ўвайшла ў склад Капыльскага, Пухавіцкага і Слуцкага р-наў. Зноў утвораны 12.2.1935. Цэнтр — мяст.Грэск. Пл. 1000 км², 151 населены пункт. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. З 21.6.1935 у Слуцкай акр., з 20.2.1938 і з 8.1.1954 у складзе Мінскай, з 20.9.1944 — Бабруйскай абл. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Капыльскі, Пухавіцкі, Слуцкі і Уздзенскі р-ны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕБАНО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Іванавіч; н. 14.3.1934, в.Грэск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыў БДУ (1957). Працаваў на Бел. тэлебачанні (у 1977—96 гал. рэдактар сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі). Друкуецца з 1971. Аўтар аповесцей «Іван Аляксеевіч» (1980), «Манька» (1985), «Імярэк» (1992), п’ес «Аплявуха» (паст. 1960), «Санітарны дзень» (паст. на Бел. радыё 1994), «Збродныя душы» (1997); сцэнарыяў тэлефільмаў: дакументальных «Вясёлка над полем» (1968), «Размова пра зямлю» (1971), «Салдаты перамогі» (1975), мастацкіх «Вера» (1993), «Варыяцыі» (1995); апавяданняў. Асн. тэмы твораў — жыццё сучаснай вёскі, маральна-этычныя праблемы; ім уласцівы добразычлівы дасціпны гумар, нестандартныя сітуацыі, сакавітая мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ МЕТЭАРЫ́ТАЎНацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Створана ў 1950 на аснове 8 узораў, выдзеленых з фонду Камітэта па метэарытах АНСССР, і знойдзеных на тэр. Беларусі метэарытаў «Брагін» і «Грэск». Складаецца (1998) з 57 узораў метэарытаў (93 экз.), сярод якіх узоры унікальных метэарытаў «Стэйнбах» (1724, Германія), «Мільз» (1992, Аўстралія) і інш. К.м. знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. кіраўніцтва і каардынацыю работ па пошуку метэарытаў на тэр. рэспублікі, іх даследаванні, папулярызацыі ведаў па метэарытыцы забяспечвае Камісія па метэарытах Нац.АН Беларусі, створаная ў 1984.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.