ГРЭМ, Грэхем (Graham) Томас (20.12.1805, г. Глазга, Вялікабрытанія — 11.9.1869), англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў калоіднай хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1836). Скончыў ун-т у Глазга (1826), дзе і працаваў з 1829 (з 1830 праф.). У 1837—55 у Лонданскім універсітэцкім каледжы, з 1854 дырэктар Манетнага двара. Навук. працы па даследаванні дыфузіі газаў і калоіднай хіміі. Устанавіў, што скорасць дыфузіі газу адваротна прапарцыянальная кораню квадратнаму з яго шчыльнасці (закон Грэма, 1829), а таксама наяўнасць унутр. трэння ў газах. Даказаў многаасноўнасць фосфарных кіслот (1833). Упершыню даследаваў золі (калоідныя сістэмы) і ўвёў тэрмін «калоід». Выявіў з’явы дыялізу і осмасу.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 5, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНСБАРА (Gainsborough) Томас
(хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),
англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.
Літ.:
Некрасова Е.А. Томас Гейнсборо. М., 1990.
А.В.Кашкурэвіч.
т. 5, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ХЕМ, Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.Копленда, «Пячора сэрца» С.Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.Батлер, М.Канінгем, Н.Морыс, Р.Норт, Г.Сакалова, П.Тэйлар, Г.Тэтлі, А.Эйлі.
Літ.:
Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫН (Greene) Генры Грэм
(2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)