ГРУШЭ́ЦКІ (Казімір Міхайлавіч) (н. 25.3.1936, в. Ахімкавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі малекул і іх спектраў (інфрачырвоных і камбінацыйнага рассеяння), а таксама па канфармацыйных ператварэннях палімераў.

Тв.:

Расчет производных высшего порядка в методах ССП МО ЛКАО (разам з А.​А.​Ахрэмам, Ю.​А.​Сакаловым) // Докл. АН СССР. 1977. Т. 236, № 4;

Теория интенсивности инфракрасных спектров многоатомных молекул в приближении МО ЛКАО // Там жа. 1984. Т. 279, № 2.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЦКІ (Антон Антонавіч) (псеўд. А.​Дамброўскі; 1734, Валынь, Украіна — 1798),

бел. і польскі жывапісец, прадстаўнік позняга барока. Жывапісу вучыўся ў Камянец-Падольску і Львове. Манах. У 1760 парваў з базыльянскім ордэнам і пераехаў у Кракаў, дзе атрымаў права цэхавага майстра. У гэты перыяд стварыў карціны «Самсон і Даліла», «Лот з дочкамі», партрэт рэктара Кракаўскага ун-та К.​Ярмундовіча, аформіў алтар бернардзінскага касцёла ў Альверні (Польшча). У 1770 пераехаў у Супрасль, потым — у Гродна, дзе ўдзельнічаў у стварэнні (каля 1774) дэкар. кампазіцыі для інтэр’ераў палаца Тызенгаўза і касцёла бернардзінцаў (1788, з Ф.​Міхалкевічам). Сярод работ 1770-х г.: «Святы Еранім», «Алегорыя вернасці», «Мужнасць святога Варфаламея», «Рознакаляровыя львы», «Забавы німфаў», абразы святых Антонія, Францыска і інш.

Я.​Н.​Мараш.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Грушэцкі І. С. 11/610—611

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Грушэцкі А. А. 4/18—19, 28, 47—48

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́СЛА»

(«Wisła»),

польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.​Грушэцкі, Я.​Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш. этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел. нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРА́КЦЫЯ ХВАЛЬ,

з’ява адхілення хваль ад прамалінейнага распаўсюджвання ў асяроддзях з рэзка выражанымі неаднароднасцямі (напр., з перашкодамі). Пры гэтым хвалі агінаюць перашкоды і трапляюць у вобласць геам. ценю. Прырода Д.х. тлумачыцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу.

Д.х. найб. выразна праяўляецца ў выпадках, калі памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі λ. Таму дыфракцыя гукавых хваль (λ~1 см), паверхневых хваль на вадзе (λ~1 м) і радыёхваль (λ~100 м і больш) назіраецца ў натуральных умовах, а дыфракцыя святла (λ~10​−6 — 10​−7м) патрабуе спец. умоў (вузкія шчыліны, адтуліны і інш.). Гл. таксама Дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў, Дыфракцыя часціц.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыя хваль. Праходжанне плоскай гукавой хвалі праз адтуліны розных памераў.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц ТЫЗЕНГА́ЎЗА.

Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў Гродне (арх. І.​Г.​Мёзер, Дж.​Сака, маст. П.​Гежыдовіч, А.​Грушэцкі) як палац А.Тызенгаўзапач. 19 ст. рэзідэнцыя губернатара). Кампазіцыйны цэнтр Гарадніцы, гал. фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр. Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невял. мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульпт. выявай Цэрэры над гал. уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Разбураны ў 1915. На ПнУ ад палаца праф. Ж.​Э.​Жыліберам быў створаны Гродзенскі батанічны сад.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац Тызенгаўза.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРАКЦЫ́ЙНАЯ РАШО́ТКА,

аптычная прылада, якая мае вял. колькасць элементаў (шчылін, штрыхоў або люстраных палосак) у непразрыстым экране.

Адрозніваюць рэгулярныя Д.р. (элементы размешчаны перыядычна) і нерэгулярныя Д.р. (элемента размешчаны хаатычна, напр., галаграма). Асн. характарыстыкі Д.р. — перыяд (адлегласць паміж суседнімі элементамі), дысперсія і раздзяляльная здольнасць. Д.р. бываюць плоскія і сферычныя, адбівальныя (з ступеньчатым профілем элементаў наз. эшэлетамі) і празрыстыя. Праходзячы праз Д.р. або адбіваючыся ад яе, святло раскладаецца на шэраг спектраў (гл. Дыфракцыйныя спектры). Уласцівасці Д.р. маюць крышталі, што служаць прасторавай Д.р. для рэнтгенаўскіх прамянёў, а таксама паверхні з вял. колькасцю штучных або натуральных штрыхоў (грамафонныя дыскі, птушыныя пёры, рыбная луска і інш.), на якіх адбываецца дыфракцыя святла. Д.р. выкарыстоўваюцца як асн. элемент спектральных прылад, як аптычныя датчыкі лінейных і вуглавых перамяшчэнняў, палярызатары і фільтры інфрачырвонага выпрамянення і інш.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыйная рашотка. Перыядычная структура (разрэз пры моцным павелічэнні) і схема дзеяння празрыстай (a) і абвівальнай (б) дыфракцыйнай рашоткі: d — перыяд рашоткі; 1 — падаючыя 12 — Дыфрагаваныя прамяні.

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФРА́КЦЫЯ СВЯТЛА́,

з’ява агінання святлом контураў непразрыстых цел, якая прыводзіць да парушэння законаў геаметрычнай оптыкі. У больш шырокім сэнсе Д.с. — сукупнасць эфектаў, якія назіраюцца пры распаўсюджванні святла ў асяроддзі, з яўна выражанымі неаднароднасцямі.

Д.с. тлумачыцца праяўленнем хвалевых уласцівасцей святла і адбываецца, калі святло праходзіць праз вузкія шчыліны і адтуліны ў непразрыстых экранах ці каля краёў непразрыстых цел (памеры перашкод параўнальныя з даўжынёй хвалі святла). Дыфракцыйная карціна з’яўляецца вынікам інтэрферэнцыі дыфрагаваных хваль і вызначаецца суадносінамі паміж памерамі перашкод ці адтулін і даўжынёй хвалі святла і характарызуецца адпаведным размеркаваннем інтэнсіўнасці. Разлік найпрасцейшых дыфракцыйных карцін робіцца на аснове Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу. Пры Д.с. ад кропкавай крыніцы (сферычная хваля) на круглай адтуліне ці круглым экране (дыфракцыя Фрэнеля) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных кольцаў (дыфракцыйны відарыс перашкоды). Пры дыфракцыі плоскай светлавой хвалі на вузкай шчыліне (дыфракцыя Фраўнгофера) назіраецца чаргаванне светлых і цёмных палос (дыфракцыйны відарыс крыніцы святла). Д.с. на дыяфрагмах і аправах аб’ектываў абмяжоўвае раздзяляльную здольнасць аптычных прылад (мікраскопаў, тэлескопаў і інш.). На Д.с. заснавана дзеянне дыфракцыйных рашотак, узнаўленне галаграфічных відарысаў і інш выкарыстанні галаграфіі.

Літ.:

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989. С. 109—142.

К.​М.​Грушэцкі.

Да арт. Дыфракцыя святла. Размеркаванне інтэнсіўнасці (1) і дыфракцыйная карціна (2) пры дыфракцыі Фраўнгофера на вузкай шчыліне шырынёй b, φ — вугал дыфракцыі.
Да арт. Дыфракцыя святла. Дыфракцыйная карціна пры дыфракцыі Фрэнеля на круглай адтуліне (1) і круглым экране (2).

т. 6, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)