БАЛАНСІ́Р (франц. balancier каромысел, маятнік),

1) двухплечы (часам аднаплечы) рычаг, які можа выконваць хістальныя рухі вакол нерухомай восі. Прызначаны для перадачы (або ўраўнаважвання) намаганняў на далучаныя да яго цягі ў помпах, вагах, свідравальных устаноўках, рысорных падвесках лакаматываў і вагонаў.

2) Балансір, або баланс, — галоўны рэгулятар (грузік), які замяняе сабой маятнік у гадзіннікавым механізме.

Балансір у гадзіннікавым механізме.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЮ́НКІ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.

Л.​У.​Дучыц.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,

механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.​М.​Жакарам.

Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).

Жакарда машына: 1 — грузік; 2 — вочка; 3 — дзялільная дошка; 4 — шнур; 5 — кручок; 6 — іголка; 7 — прызма; 8 — падымальны нож.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)