ГРУЗАВА́Я МА́РКА,

знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.

Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.

Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬ-ТРАЛЕЙВО́З,

грузавая транспартная машына з электрарухавікамі, якія сілкуюцца ад кантактнага проваду, і дызелем, што выкарыстоўваецца на ўчастках, дзе пракладка кантактнага проваду немэтазгодна. Д.-т. прызначаны для перамяшчэння парод у кар’ерах і для інш. мэт.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЗІ́НА (ням. Draisine),

транспартная машына на рэйкавым колавым хаду для перавозкі людзей і грузаў на невял. адлегласці. Прыводзіцца ў рух ад аўтамабільнага (аўтадрызіна) або матацыклетнага (мотадрызіна) рухавіка ўнутр. згарання. Першыя Д. — 4-колавыя цялежкі з ручным прыводам. Вынайдзена ням. вынаходнікам К.​Ф.​Дрэзам (1785—1851; адсюль назва).

Дрызіна: 1 — пасажырская; 2 — грузавая.

т. 6, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЭРЛІ́НІЯ (галанд. water-lijn ад water вада + lijn лінія),

лінія судакранання паверхні вады з корпусам судна, што плавае. Грузавая ватэрлінія супадае са спакойнай паверхняй вады пры поўнай загрузцы судна і адпавядае найбольшай дапушчальнай у эксплуатацыі асадцы; адзначаецца грузавой маркай. Тэарэтычныя ватэрлініі атрымліваюць сячэннем паверхні корпуса судна гарыз. плоскасцямі на чарцяжы. Форма ватэрлініі і велічыня абведзенай ёю плошчы ўплываюць на характарыстыкі ходкасці і астойлівасці судна.

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́РА,

у беларусаў грузавая 4-колавая павозка з бартавымі драбінамі (дошкамі або рашоткамі) для коннай ці валовай запрэжкі. Паводле пісьмовых крыніц, вядома з 16 ст. У сял гаспадарках бытавала дыяхронна і не ўсюды, у некат. раёнах Падняпроўя і Цэнтр. Беларусі з пач. 20 ст. Паводле спосабу злучэння пярэдняй і задняй частак (ходаў) М. падзяляліся на развадныя (пярэдні і задні хады маглі разводзіцца на больш шырокую, неабходную адлегласць для транспарціроўкі лесу) і неразвадныя, якія мелі своеасаблівы кузаў, часта з высокімі бартамі (драбінамі; да 1 м і болей) і служылі для перавозкі снапоў, саломы, сена. На Палессі бытавалі вузкія М. (каля 0,8 м), зручныя пры яздзе па лясных дарогах.

В.​С.​Цітоў.

Мажара.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́М,

плывучае збудаванне (судна, плыт і інш.) для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, чыг. вагонаў), грузаў і пасажыраў цераз водную перашкоду паміж пэўнымі берагавымі пунктамі. Бываюць самаходныя і несамаходныя.

Па вял. суднаходных рэках П. перамяшчаецца па кабелі, пракладзеным па дне, або буксірным суднам; на невял. рэках перацягваецца з дапамогай троса, замацаванага на процілеглых берагах; для паромнай пераправы праз пралівы, азёры звычайна выкарыстоўваюць спец. абсталяваныя судны. Водазмяшчэнне іх да 20 тыс. т і больш, умяшчальнасць каля 100 чыг. вагонаў, пасажыраўмяшчальнасць да 2000 чал. Паромныя зносіны найб. развіты ў Японіі, Зах. Еўропе (праз Ла-Манш). У ваен. мэтах П. выкарыстоўваюцца пры фарсіраванні водных перашкод; робяцца з штатных пантонных паркаў (гл. Пантон) і мясц. плывучых сродкаў (баржы, лодкі і інш., на якіх замацоўваецца грузавая платформа).

Пасажырскі паром для зносін паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй (мае вароты для аўтамабіляў на носе і карме).

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,

механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.

Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.

У.​М.​Сацута.

Грузазахопныя прыстасаванні: 1 — петлі з канатаў; 2 — строп; 3 — крук; 4 — гакі вяртлюжны і з карабінам, 5 — клямар; 6 — эксцэнтрыкавы захоп; 7 — бодня; 8 — кюбель (коўш); 9—11 — клешчавыя захопы; 12 — грузавая траверса; 13 — грэйфер, 14 — электрамагніт.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)