Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТ (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны),
спосаб апрацоўкі каменю або імітаванага пад камень абліцовачнага матэрыялу, пры якім кожны камень ці яго імітацыя вылучаюцца перыметральным кантам рознай формы. У залежнасці ад спосабу апрацоўкі выпуклай паверхні каменнага блока, абліцовачнай пліты або іх імітацыі ў тынкоўцы Р. бывае гладкі або фактурны. Выкарыстоўваецца для рустыкі сцен будынкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯКІ́НА,
адходы малацьбы і ачысткі зерня збожжавых і некаторых інш. культур (напр., канюшыны, лёну); грубы корм, што складаецца з насенных абалонак, частак каласкоў і зярнят, расцёртых лісткоў і сцёблаў, недаспелага зерня, насення пустазелля і інш. Можа змяшчаць насенне атрутных раслін. Больш пажыўная за салому адпаведных раслін, мае больш пратэіну і попелу, менш клятчаткі. Гіграскапічная, лёгка злежваецца і псуецца. Скормліваецца буйн. раг. жывёле, коням (лепшыя сарты) і свінням прапараная і ў сумесі з сакаўнымі кармамі, брагай, мелесам і інш. Найлепшую М. даюць авёс, проса, безасцюковыя ячмень і яравая пшаніца, бабовыя і лён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МА,
сухія сцёблы раслін, што застаюцца пасля малацьбы збожжавых і зернебабовых культур, таксама лёну, канапель і інш., з якіх выдалены лісце, суквецці, насенне. С. збожжавых культур — грубы баластны корм пераважна для буйн. раг. жывёлы ці дабаўка да сакаўных кармоў. Пажыўная каштоўнасць невял. — клятчаткі 35—45%, мала пратэіну (3—4%), мінер. рэчываў, вітамінаў. Для паляпшэння пажыўнасці С. здрабняюць, запарваюць, сіласуюць, апрацоўваюць хім. рэчывамі. Выкарыстоўваюць таксама на подсціл жывёле, у цэлюлознай і папяровай прам-сці, для прыгатавання буд. матэрыялаў (саману і саламіту), плеценых вырабаў. С. лёну і канапель — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкст. валокны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МАР (англ. humour),
від камічнага, які спалучае насмешку і спачуванне, знешне камічную трактоўку і ўнутр. дачыненне да таго, што ўяўляецца смешным. Лічыцца, што гумар — суб’ектыўная копія аб’ектыўнага камізму. Збліжаецца з інш. відамі камічнага — іроніяй і сатырай. Адлюстроўвае смешнае ў жыцці і чалавечых характарах; прадугледжвае ўменне бачыць узвышанае ў абмежаваным і малым, значнае ў смешным і недасканалым. Тэорыя гумару распрацавана ў эстэтыцы рамантызму ням. пісьменнікам Жанам Полем. Гумар бывае чуллівы, дабрадушны, сяброўскі, грубы, насмешлівы, зларадны, цынічны, мае нац. асаблівасці. Гумар — асн. элемент многіх твораў бел. л-ры і фальклору, неад’емны кампанент многіх літ. жанраў (камедыя, вадэвіль, байка, пародыя, фельетон і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ШАЎКАПРА́ДЫ (Antheraea),
род матылёў сям. паўлінавочак атр. лускакрылых. 2 віды: кітайскі Д.ш. (A. pernyi) і японскі Д.ш. (A. jamamai). На Д. Усходзе трапляецца яго падвід (A. j. ussuriensis). Культывуюць у Кітаі, Японіі, Карэі, Індыі, Расіі, Беларусі і інш. для атрымання прыроднага шоўку. Добра акліматызуюцца.
Крылы ў размаху 10—15 см. Вусені звіваюць коканы. Пры размотванні аднаго кокана атрымліваюць шаўковую нітку даўж. 1,5—5 км. За год даюць 1—2 пакаленні. Вусеняў выкормліваюць лісцем розных відаў дубу (у эксперыменце на бярозе, вярбе, грабе). У адрозненне ад тутавага шаўкапрада шоўк кітайскага Д.ш. больш грубы і моцны; выкарыстоўваюць на выраб часучы, у прыладабудаванні, электратэхніцы, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Да арт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СТЫКА (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны) у архітэктуры, рэльефная муроўка ці дэкар. абліцоўка сцен будынка каменем з груба абколатай ці выпуклай вонкавай паверхняй (гл.Руст). Выпукласць каменю можа мець розную форму (найб. пашырана пірамідальная). Р. ажыўляе сцяну багатым зіхаценнем святлаценю, стварае ўражанне моцы, масіўнасці будынка. Пры аддзелцы фасада тынкоўкай Р. імітуецца разбіўкай сцяны на прамавугольнікі або палосы. Вядома са старажытнасці (Стараж. Грэцыя і Рым). Асабліва пашырана ў аддзелцы італьян. палацаў эпохі Адраджэння. Найчасцей Р. ўжывалася ў грамадз. і палацава-сядзібнай архітэктуры стылю класіцызму і ампіру. Ёю афармлялі цокаль ці 1-ы паверх будынка, вуглавыя пілястры, лапаткі, рызаліты. Часта выкарыстоўвалася і тынкоўка «пад руст». Пашырана ў афармленні фасадаў будынкаў (аконных і дзвярных праёмаў, архівольтаў і інш.) у архітэктуры канца 19—пач. 20 ст. У драўляным культавым і сядзібным буд-ве выкарыстоўвалася тэхніка разьбы, якая імітавала каменную муроўку, былі пашыраны шалёўка сцен і афармленне вуглоў «пад руст».