нямецкі архітэктар, дызайнер і тэарэтык архітэктуры; заснавальнік функцыяналізму. Вучыўся ў вышэйшых тэхн. школах Берліна і Мюнхена (1903—07), у 1907—10 асістэнт П.Берэнса. Распрацоўваў рацыяналістычныя прынцыпы ў архітэктуры і дызайне. Заснавальнік і дырэктар (1919—28) «Баўгаўза». Ствараў новыя арх. формы; вонкавы выгляд яго збудаванняў выяўляў іх функцыян. прызначэнне (ф-ка «Фагус» у Альфельдзе, 1911—16, разам з А.Меерам; адм. будынак на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» ў Кёльне, 1914). З 1937 працаваў у ЗША. Аўтар кніг па тэорыі і практыцы архітэктуры.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЎГАУЗ»
(Bauhaus),
Вышэйшая школа будаўніцтва і мастацкага канструявання, навучальная ўстанова і арх.-маст. аб’яднанне ў Германіі. Засн. ў 1919 ням.арх. В.Гропіусам у г. Веймар, у 1925 пераведзена ў Дэсаў, у 1933 скасавана фашыстамі.
Абапіраючыся на эстэтыку функцыяналізму, кіраўнікі «Баўгауза» імкнуліся выпрацаваць універсальныя прынцыпы формаўтварэння ў пластычных мастацтвах, знайсці комплекснае маст. вырашэнне сучаснага матэрыяльна-прадметнага асяроддзя; развівалі ў студэнтаў здольнасць творчага асэнсавання новых матэрыялаў і канструкцый. У навучальным працэсе пераважала працоўная практыка ў вытв., маст. і праектных майстэрнях, дзе разам з вучэбнымі работамі ствараліся арх. праекты, узоры масавай прамысл. прадукцыі (мэбля, лямпы, тканіна), творы дэкар. жывапісу і пластыкі. У «Баўгацзе» выкладалі вядомыя архітэктары-функцыяналісты (Гропіус, Х.Меер, Л.Міс ван дэр Роэ), піянеры дызайну (І.Ітэн, Л.Мохай-Надзь), мастакі (П.Клее, В.Кандзінскі, Л.Файнінгер, О.Шлемер). «Баўхаус» адыграў важную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рацыяналізму ў архітэктуры 20 ст. і станаўленні сучаснага маст. канструявання.
Літ.:
Гропиус В. Грантицы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬН (Köln),
горад на З Германіі, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. 956 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт К. — Бон. Важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкое, с.-г., эл.-тэхн., аўтамабілебудаванне («Форд-Верке»), трактара-, лакаматыва- і суднабудаванне; нафтаперапр. і нафтахім., тэкст., швейная, парфумерная, папяровая, харчасмакавая (тытунёвая, сыраробная, мукамольная). Цэнтр буравугальнага басейна. Метрапалітэн. Кёльнскі універсітэт. Кансерваторыя. Оперны т-р, філармонія, 2 сімф. аркестры.
Узнік з рым.ваен. лагера, засн. каля 38 да н.э. (з 50 н.э.рым. калонія) на месцы паселішча герм. племя убіяў. У 3 ст.н.э. тут узніклі хрысц. абшчыны. З канца 8 ст. значны рэліг. цэнтр (рэзідэнцыя епіскапа, пазней архіепіскапа), буйны горад сярэдневяковай Германіі (12 брам, больш за 80 вежаў), адзін з вядучых гарадоў Ганзы. У 1388 засн.Кёльнскі універсітэт. У выніку паўстання гараджан 1370—96 скасавана ўлада патрыцыяту. У 1794 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 у складзе Прусіі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё (банкі, страхавая справа, металургія, машынабудаванне, хім.прам-сць, эксплуатацыя параходаў і чыгунак). Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны (да 1926) брыт. войскамі. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны, пасля вайны ў брыт.акупац. зоне. З 1949 у складзе ФРГ.
Сярод помнікаў раманскія цэрквы Санкт-Панталеон (964—980, дабудоўвалася ў 1150—1503), Санкт-Георг (1059—1188), Санкт-Марыя-ім-Капітоль (1067—1250), гатычныя Кёльнскі сабор, цэрквы Мінарытэнкірхе (пасля 1248—1408), Санкт-Урсула (асвячона ў 1287), Антанітэркірхе (14 ст.; у інтэр’еры скульптура Э.Барлаха «Анёл смерці», 1927, 2-я адліўка 1938), Петэрскірхе (каля 1515—30, у інтэр’еры «Распяцце Пятра» П.П.Рубенса, 1640), ратуша (1350—70), барочныя цэрквы Узнясення Марыі (1618—27, арх. К.Вамзер), Марыі Міру (1643—1716), Марыі-індэр-Купфергасе (1705—15). Найб. значныя пабудовы 20 ст.: фабр. і адм. будынкі на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» (1914, арх. В.Гропіус, А.Маер), Новы мост цераз р. Рэйн (1950, арх. Г.Ломер), з-д Форда (1957, П.Ф.Шнайдэр), драм.т-р (1959—65, арх. В.Рыпхан). У К. музеі: маст. рамяства, Кунстгале, усх.-азіяцкага мастацтва, рым.-германскі, Шнютгена, Вальраф-Рыхарц і інш.
Літ.:
Солодкова Л.И. Ранний Кёльн: соц.-экон. развитие и освободительная борьба горожан XI—XIII вв. Саратов, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́Н (Berlin),
горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ.цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс.ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л.міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сцьтрансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.
Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл.цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл.Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.
Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм.т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).
Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л.Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар.муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).
Да арт.Берлін. Еўропа-Цэнтр.Да арт.Берлін. Філарманічная зала. Арх. Г.Шароўн. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́БЛЯ (франц. meuble ад лац. mobilis рухомы),
прадметы для абсталявання інтэр’ераў і адкрытых прастораў, стварэння камфортных умоў для працы і адпачынку; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкага канструявання. Тыпалагічна падзяляецца паводле эксплуатацыйных прыкмет (для жылля, грамадскіх будынкаў, гар. асяроддзя, трансп. сродкаў), функцыян. прызначэння (для сядзення, ляжання, корпусная, функцыян. плоскасці, камбінаваная), канструктыўных асаблівасцей (рухомая, убудаваная, навясная), узроставых катэгорый насельніцтва, тыпаў грамадскіх будынкаў (універсальная, шматфункцыянальная). У ліку асн. патрабаванняў да М. — трываласць, эксплуатацыйная надзейнасць, модульная камбінаторнасць формаўтварэння, трансфармаванасць, тэхналагічнасць апрацоўкі і аздаблення паверхняў, эстэтычнасць дызайнерскага вырашэння (вобразная выразнасць, улік нац. традыцый і сац.гіст. -заканамернасцей, сінтэз мастацтва М. і архітэктуры, індывід. праява асобы аўтара ці заказчыка, рацыянальнасць формы, адпаведнасць модзе, колеравае вырашэнне). М. адлюстроўвае сац.-быт. ўклад насельніцтва, яго эстэт. ідэалы і нац. традыцыі, разам з аб’ёмна-арх. вырашэннем утварае стылявыя асаблівасці асяроддзя. У ліку маст. сродкаў М. — канстр. і аддзелачныя матэрыялы (дрэва, метал, пластмасы, скура, мэблева-дэкар. тканіны), фактура, тэкстура, колер.
З часоў Стараж. Егіпта вядомы табурэты, куфры, троны. ложа з разьбой і рэльефнымі ўстаўкамі. Ант. драўляная і бронзавая М. вылучалася яснасцю форм, спалучэннем прамых і выгнутых брусоў (стулы, ложкі, нізкія сталы, крэслы з геам. арнаментам і «звярынымі» матывамі). Сярэдневяковай М. ўласцівы масіўныя, трывалыя формы крэслаў, шафаў, ложкаў, сталоў, упрыгожаных арх. разьбой (аркі, нервюры), геам. і расл. арнаментам. Для стараж.-рус. М. характэрны лаканічныя па формах лавы, куфры, сталы, табурэты з разнастайнай разьбой і размалёўкай. Арыгінальныя формы нізкай, часта выгнутай М. з паліраванага дрэва, лаку склаліся ў краінах Азіі. У эпоху Адраджэння зацвярджаецца М. з рамна-філянговай канструкцыяй, якая будавалася паводле ордэрнай архітэктуры, арганічна ўваходзіла ў грамадскі і жылы інтэр’ер. Двух’ярусныя шафы, кабінеты са скрынкамі на падстоллі, касапанкі (куфры са спінкай і падлакотнікамі для сядзення), касоне (куфры-скрынкі, упрыгожаныя пазалотай, размалёўкай і інш), ложкі з балдахінамі, крэслы, упрыгожаныя арх. матывамі, жывапісам, рэльефамі; арнаментальная або выяўл.інтарсія звязвала М. з архітэктурай інтэр’ера. Парадная М. барока, ракако, класіцызму, ампіру з каштоўнай фанероўкай, разьбой, пазалотай маркетры, бронз. накладкамі, літымі дэталямі (сталы, шафы, буфеты, кабінеты, сакратэры, стулы, крэслы, канапы) утварала гарнітуры стацыянарных і перасоўных прадметаў. У ліку майстроў, якія стваралі свой стыль М.: сям’я Жакоб, А.Ш.Буль, Ж.А.Рызенер, Д.Ронтген (Францыя), Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан (Вялікабрытанія). У Расіі М. часта стваралі архітэктары В.В.Растрэлі, Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.Вараніхін, К.Росі. М. ракако і бідэрмеера, англ. і галандская М. 17—18 ст. імкнулася да камфортнасці, зручнасці, што парушала традыц. яе сувязь з палацавымі рытуаламі. У 19 ст. поруч з эклектычнай М. у гіст. стылях з’явіліся новыя тыпы масавай практычнай М. (гнуткая «венская» М). Стыль мадэрн на мяжы 19—20 ст. увёў цякучыя лініі, вытанчаную фактуру (інкрустацыя шклом і керамікай, накладкі з паліраванага металу) і садзейнічаў аблягчэнню М., утварэнню новых рацыянальных форм (Х. ван дэ Велдэ ў Бельгіі, Ч.Р.Макінташ у Шатландыі). Пашырэнне ў 20 ст. функцыяналізму спрыяла пошукам лаканічных форм і яснай тэктонікі М., выкарыстанню новых матэрыялаў (стальныя трубы і палосы, клееная драўніна), распрацоўцы ўбудаванай, секцыйнай, зборна-разборнай і трансфармаванай М. для жылых пакояў, кухняў, кантор, банкаў, школ і інш. дызайнерскія метады яе праектавання. М. распрацоўвалі вербунды, Баўгауз, Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве, буйнейшыя архітэктары (Ле Карбюзье, В.Гропіус, М.Броер, Л.Міс ван дэр Роэ, А.Родчанка, Л.Лісіцкі, У.Татлін і інш.). Развіццё арганічнай архітэктуры, вывучэнне нац. традыцый стымулявалі распрацоўку ўзораў найб. простай, зручнай М., якая адпавядала мясц. умовам (Ф.Л.Райт у ЗША, А.Аалта ў Фінляндыі, А.Якабсен у Даніі). Асн. канструкцыйна-маст. асаблівасці сучаснай М. — макс. зручнасць, функцыянальнасць, прастата, часам эклектычнасць. У многіх мясцовасцях (Паволжа, Прыкарпацце, паўд. Польшча. Брэтань) захоўваюцца нар. традыцыі вытв-сці і ўпрыгожання М.
На Беларусі нешматлікія і простыя прадметы абсталявання жылля феад. эпохі выконвалі чыста утылітарныя функцыі (услон, тапчан, ёмістасці для захоўвання быт. рэчаў, калыска, лава, паліца, палок і інш.). М. рабілі самі гаспадары ці мясц. майстры-саматужнікі. У 14—16 ст. М. палацаў і замкаў вызначалася масіўнасцю, прастатой прысадзістых форм. У аздабленні былі пашыраны нізкарэльефная разьба геам. і расл. характару, таніроўка ў цёмна-карычневы колер, паліраванне, акоўка. У 17—18 ст. пад уплывам барока М. набыла больш вытанчаныя формы, Яе аздаблялі высокарэльефнай і ажурнай разьбой расл. характару, размалёўкай. У многіх бел. гарадах працавалі цэхі майстроў-мэбельшчыкаў. У 2-й пал. 17 ст.бел. разьбяры і майстры-мэбельшчыкі Д.Паўлаў, П.Тарасаў, І.Дракула, К.Міхайлаў і інш. працавалі ў Маскве, дзе выраблялі для палацаў і храмаў шафы, крэслы, сталы, куфэркі, аздобленыя разьбой, размалёўкай, абіўкай аксамітам, акоўкай. З канца 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і дэкор М. сталі больш спакойнымі і ўраўнаважанымі. Шырока ўжываліся тачэнне, залачэнне, абіўка тканінамі, метал. літыя накладкі ў выглядзе маскаронаў, звярыных лап і інш. Нярэдка М. аздаблялі інкрустацыяй і мазаікай. Была пашырана садова-паркавая чыгунная М., зробленая на чыгуналіцейных з-дах. М. небагатых сядзіб і гар. жылля вызначалася большай прастатой, часта фарбавалася ў адзін колер (часцей у зялёны). У канцы 19 ст.нар. М. стала больш разнастайнай, пашырыліся сталы на ножках, куфры, шафы, канапы, ложкі, падвясныя паліцы, шафкі для посуду. Аздаблялі М. такарнымі накладкамі, прапілоўкай, размалёўкай і інш. Павялічылася колькасць рамеснікаў-мэбельшчыкаў, у многіх гарадах і мястэчках працавалі майстэрні, у Бабруйску — мэблевая ф-ка, у Гомелі, Магілёве, Давыд-Гарадку, в. Лахва Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. выраблялі М., плеценую з лазы, характар дэкору якой у канцы 19 — пач. 20 ст. вызначаўся рысамі стылю мадэрн. У 1920—30-я г. з’явілася секцыйная, камбінаваная, спецыялізаваная М. У 1950—60-я г. самаробная М. практычна выйшла з ужытку. Прадпрыемствы мэблевай прамысловасці ствараюць масавыя камплекты і унікальныя гарнітуры паводле матываў традыц.нар.М., узораў вядучых мэблевых фірм свету. Спецыялістаў па маст. праектаванні і канструяванні мэблі рыхтуюць Бел.АМ і Бел.тэхнал.ун-т. Сярод вядучых спецыялістаў у галіне дызайну М. — І.Харламаў, У.Макарэвіч, У.Гераўкер і інш.
Літ.:
Кес Д. Стили мебели. Будапешт, 1979;
Мигаль С.П. Основы проектирования мебели. Львов, 1989;
Да арт.Мэбля. А.Ш.Буль. Шафа. 2-я пал. 17 ст. Францыя.Да арт.Мэбля. Д.Ронтген. Вялікае бюро. 1783.Да арт.Мэбля. Куфар з в. Мокрая Дуброва Пінскага раёна Брэсцкай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Мэбля. Крэсла. Пач. 20 ст. Майстар Хмель з г.п. Мір Гродзенскай вобл.Да арт.Мэбля. Г.Голейн. Канапа «Мэрылін». 1981.