КАРА́ЛІ (Вера Аляксееўна) (8.8.1889, Масква — 16.11.1972),

руская артыстка балета і кінаактрыса. Па паходжанні грачанка. Пасля сканчэння Маскоўскага тэатр. вучылішча (1906, педагог А.Горскі) у Вял. т-ры. Мела эфектную сцэн. знешнасць; яе танцу былі ўласцівы вытанчанасць, адухоўленая пластыка, скульпт. завершанасць і прыгажосць поз. Сярод партый: Анітра («Нур і Анітра» на муз. А.​Ільінскага), Саламбо і Багіня Таніт («Саламбо» А.​Арэндса), Эўніка («Эўніка і Петроній» на муз. Ф.​Шапэна), Раймонда, Пастушка («Раймонда», «5-я сімфонія» на муз. А.​Глазунова), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса). Выканала канцэртны нумар «Лебедзь, які памірае» на муз. К.​Сен-Санса. З 1918 за мяжой. У 1919—20 у Рускім балеце С.​Дзягілева, потым у розных трупах Еўропы і ЗША. З 1914 здымалася ў кіно (каля 30 фільмаў).

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),

князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)