НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «І зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1979.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ПРЫ (франц. Grand Prix літар. вял. прэмія, гал. прыз),

вышэйшая ўзнагарода на фестывалі, конкурсе і інш.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.​Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.​Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.​Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.М.Пташук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап. Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),

бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна-д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎДА ((Lauda) Нікалаўс) (н. 22.2.1949, Вена),

аўстрыйскі спартсмен (аўтагонкі). На працягу 18 гадоў удзельнічаў у 296 гонках. Чэмпіён свету ў класе гоначных аўтамабіляў «Формула-1» (1975, 1977, 1984), 25-разовы пераможца спаборніцтваў «Гран-пры» (стартаваў 171 раз). У 1978 засн. авіякампанію «Лаўда Эр» (узначальвае з 1985).

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Васіль Вячаслававіч) (н. 2.12.1954, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1982), Беларускую АМ (1992). Выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. У пач. творчасці ў традыц. формах мастацтва імкнуўся знайсці жывапісную гармонію. З 1990 займаецца пластычнымі, колеравымі, канцэптуальнымі пошукамі. За працу «Адбіткі на асфальце» (1991) «Гран-пры» I Міжнар. пленэру «Малевіч. Уновіс. Сучаснасць» (Віцебск, 1994).

М.​М.​Паграноўскі.

т. 4, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ТНІКАЎ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.7.1937, пас. Глыбокае Усх.-Казахстанскай вобл.),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1971 саліст Марыінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кутузаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу імя П.​І.​Чайкоўскага (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.​Віньяса (Гран-пры; Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНАРАС ((Daunoras) Вацлавас) (н. 1.2.1937, г. Жагарэ, Літва),

літоўскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Літ. кансерваторыю (1962), з 1968 выкладае ў ёй (праф. з 1983). Стажыраваўся ў т-ры «Ла Скала» (1966—68). З 1960 (з перапынкамі) саліст Літ. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Бжастоўскі («Горад сонца» А.​Рачунаса), Маргірыс («Піленай» В.​Кловы), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1962), Міжнар. конкурсу імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1966), Гран пры конкурсу вакалістаў у Тулузе (1971, Францыя).

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КМАН (Ізраіль Цурыелевіч) (20.2.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1990),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1942). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Працаваў пераважна ў дакумент. кіно. Аператарскай манеры ўласцівы псіхалагізм у стварэнні партрэтных характарыстык, тонкае адчуванне светлавой гамы. Рэжысёрская творчасць адметная публіцыстычнасцю. Выступаў і як сцэнарыст. Сярод фільмаў: дакумент. «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. і аператар у сааўт.), «Пастух» (1969, сцэн. у сааўт.), «Мы — сіняблузнікі» (1970), «Пакуль не загрыміць гром» (1973), «Прытча пра кола і біясферу» (1974; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Варна, Балгарыя), «Чырвоны сшытак» (1980); маст. «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959, аператар з А.​Аўдзеевым). З 1990 у ЗША.

В.​І.​Смаль.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)