КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,

бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн. лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн. м3), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц. мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.

т. 9, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАКЕРЫТАЛЯЧЭ́ННЕ, азакерытатэрапія,

метад гразе- і цеплалячэння, заснаваны на выкарыстанні азакерыту. Асн. спосаб — накладванне аплікацый. Спалучае цеплафіз. (за кошт награвання высокацеплаёмістага азакерыту да пэўнай т-ры) і хім. (за кошт біял. актыўных рэчываў азакерыту) уздзеянні на арганізм. Механізмы ўплыву рэалізуюцца праз рэакцыі мясцовага (паляпшэнне крова- і лімфазвароту, нервовай трофікі, процізапаленчыя, абязбольваючыя і рассысальныя эфекты) і агульнага (рэфлекторна-гумаральныя змены ў дзейнасці асн. фізіял. сістэм) характару. Аптымальны эфект мае, калі цеплавая нагрузка не з’яўляецца для арганізма празмернай і не перакрывае біяхім. змены на малекулярным, субклетачным і клетачным узроўнях. Выкарыстоўваецца пры некаторых захворваннях апорна-рухальнага апарату, вуха, горла, носа, пры траўмах, спайкавых працэсах у брушной поласці, малым тазе і інш. Проціпаказана пры наяўнасці пухлін, актыўных формах туберкулёзу, сардэчна-сасудзістых хваробах, вострых запаленчых працэсах.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.

Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у тым ліку Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра І, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).

Я.В.Малашэвіч.

т. 2, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)