Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕН (ням. Graben літар. роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Клінцоўскі грабен 12/15
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НШ (Romanche),
глыбакаводны жолаб у экватарыяльнай зоне Атлантычнага ак.Даўж. 230 км, сярэдняя шыр. 9 км, найб.глыб. 7856 м. Уяўляе сабой упадзіну тыпу «акіянічнага трога», буйны грабен, адзін з элементаў рэльефу аднайменнай зоны разломаў, якая рассякае Сярэдзінна-Атлантычны хр. Ва ўпадзіне выяўлены выхады ультраасн. парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,
нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн.ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКІ ПРАГІ́Н, Прыпяцкая ўпадзіна,
адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размешчаны на ПдУ Беларусі, ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, паміж Беларускай антэклізай і Жлобінскай седлавінай на Пн і Украінскім шчытом на Пд. Аддзяляецца седлавінамі на З Палескай ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на У Брагінска-Лоеўскай ад Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Працягваецца ў зах.-паўн.-зах. напрамку на 280 км, шыр. да 150 км. Уключае Прыпяцкі грабен (палеарыфт) і Паўн.-Прыпяцкае плячо. Прыпяцкі грабен на Пн і Пд абмежаваны Паўн.-Прыпяцкім і Паўд.-Прыпяцкім глыбіннымі мантыйнымі лістрычнымі разломамі, якія складзены з шэрагу скідаў, размешчаных кулісападобна, з агульнай амплітудай зруху да 4 км. Паўн.-Прыпяцкае плячо адмежавана ад Жлобінскай седлавіны Жлобінскім і Малінаўска-Глазаўскім разломамі. Прагін сфарміраваўся ў герцынскі этап тэктагенезу, пераважна ў познім дэвоне. Ён запоўнены магутнай (да 6 км) тоўшчай, пераважна асадкавых парод рыфею, венду, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену, з якіх асн.ч. разрэзу складаюць верхнедэвонскія адклады. Магутныя дэвонскія саляносныя тоўшчы (верхняфранская і фаменская) падзяляюць асадкавы чахол прагіну на комплексы: падсалявы, ніжнесаляносны, міжсалявы, верхнесаляносны і надсалявы. Ніжнія 3 комплексы мантыйнымі і коравымі скідамі субшыротнага распасцірання разбіты на ступені з паўн. нахілам адкладаў на Пн і з паўд. — на Пд і восевую прыўзнятую Петрыкаўска-Хобненскую зону паглыбленых выступаў. Яе зах. працягам з’яўляецца Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ. Разломы затухаюць уверх па разрэзе. У верхнесаляносным і надсалявым комплексах вылучаюцца валы і сінклінальныя зоны. У П.п. выяўлены і эксплуатуюцца радовішчы нафты, калійных і каменнай солей, буд. матэрыялаў, паклады каменнага і бурага вуглёў, гаручых сланцаў, багатыя рэсурсы прэсных, мінералізаваных і тэрмальных вод і інш.Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКА-ЖЫ́ТКАВІЦКІ ВЫ́СТУП,
тэктанічная Структура на Пд Беларусі. Адыходзіць ад Палескай седлавіны на У і ў выглядзе горставай структуры ўкліньваецца ў зах.ч.Прыпяцкага прагіну, якую падзяляе на Тураўскую і Старобінскую дэпрэсіі. Выцягнуты ў субшыротным напрамку на 80 км, шыр. да 10 км. На Пд абмежаваны буйным субшыротным разломам з амплітудай 1—3 км, на Пн — малаамплітудным (дзесяткі метраў). Папярочнымі дыяганальнымі разломамі выступ падзелены на Мікашэвіцкі і Жыткавіцкі горсты, паміж імі Слуцкі грабен. Фарміраванне выступу пачалося ў пратэразоі і адбывалася ў асн. у познім дэвоне, адначасова з гал. фазай рыфтагенезу Прыпяцкага грабена. М.-Ж.в. характарызуецца дадатнымі адзнакамі паверхні фундамента (+110 м над узр. мора) і адсутнасцю ў скляпеннай ч. даантрапагенавых адкладаў. Выступ складзены з крышт. парод ніжняга пратэразою (дыярыт, гранадыярыт, граніт, кварцыт і інш.). У паглыбленнях скляпеннай ч. трапляюцца верхнепратэразойскія кварцыта-пясчанікі і палеагенавыя адклады; на схілах сярэдне-верхнепратэразойскія, сярэдне-верхнедэвонскія, верхнемелавыя, палеагенавыя і неагенавыя пароды. На Мікашэвіцкім падняцці здабыча парод крышт. фундамента для буд-ва (друз; Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
вялікая дадатная структура на ЗРускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.
Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАКІТА́Й,
паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на У — Паўд.-Кітайскім м.Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн.км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх.ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-растудз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр.ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.