ГО́РСКІЯ,

гл. Друцкія-Горскія.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ГО́РСКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Найб. вядомыя:

Васіль Пуцяціч (каля 1430 — да 1495), валодаў маёнткам Горы ў Аршанскім пав. (адсюль 2-я частка прозвішча). Ежы (каля 1600—43), харужы аршанскі (1639), староста упіцкі (1640). Рыгор Ежы (каля 1585—1659), староста цэльскі, аршанскі (1635—50). Атрымаўшы прызначэнне мсціслаўскім ваяводам (1650), перадаў Аршанскае староства сыну Міхаілу. Другі яго сын Еранім быў старостам суражскім. На ўнуках Рыгора Ежы род Д.-Г. згас.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ УЗНЯСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р (УШЭ́СЦЯ).

Існаваў у канцы 15 — пач. 18 ст. ў Мінску. Засн. як праваслаўны пры Узнясенскай царкве вял. княгіняй ВКЛ Аленай Іванаўнай, якая адпісала манастыру в. Трасцянец і надала яму статус архімандрыі. Першым архімандрытам быў духоўнік Алены Іона (у 1503—07 мітрапаліт кіеўскі). У 1633 прывілеем караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV манастыр далучаны да мужчынскага Святадухаўскага манастыра (гл. ў арт. Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Пазней належаў уніяцкаму ордэну базыльян. Статус архімандрыі скасаваны ў 1675 на базыльянскай кангрэгацыі ў Жыровічах. Прыкладна тады ж князі Горскія адабралі ў манастыра Трасцянец, а ўзамен далі ў дзяржанне Слабодку (каля 1699). Дакладная дата закрыцця невядома.

А.А.Ярашэвіч.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн. Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).

Літ.:

Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).

У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл. Грузінскае пісьмо).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЖНЫ (Васіль Трафімавіч) (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.Гогаля.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.

Л.В.Календа.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)