Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ (ад манг. гов бязводнае месца),
пустынная і паўпустынная вобласць у Цэнтр. Азіі, на тэр. Манголіі і Кітая. Акаймавана на Пн гарамі Мангольскага Алтая і Хангая, на Пд — Наньшанем і Алтынтагам. Працягнулася амаль на 2 тыс.км, пл. больш за 2 млн.км². Падзяляецца на Заалтайскую Гобі, Мангольскую Гобі, Алашаньскую Гобі, Гашунскую Гобі і Джунгарскую Гобі. У рэльефе пераважаюць камяністыя, гліністыя, месцамі пясчаныя раўніны выш. 900—1200 м, трапляюцца асобныя кароткія горныя масівы выш. да 1800 м і ўчасткі драбнасопачніку. Клімат рэзка кантынентальны з самай вял. на Зямлі амплітудай вагання т-р (каля 85 °C; летам да 45 °C, зімой каля 40 °C). Ападкаў 70 — 200 мм за год. Пастаянных вадатокаў няма; у паніжэннях дробныя бяссцёкавыя азёры. Глебы шэрыя і бурыя, месцамі саланчакі і такыры. Расліннасць бедная, разрэджаная, пераважаюць злакі, палын, салянкі, зараснікі саксаулу; на З ёсць аазісы з таполі. Жывёльны свет: дзікі вярблюд, асёл-кулан, конь Пржэвальскага, некалькі відаў антылоп; ёсць паўзуны, рэптыліі. У флоры і фауне шмат эндэмічных відаў. Вял. Габійскі запаведнік (Манголія). Пашавая жывёлагадоўля (вярблюды, авечкі, коні). Ачаговае земляробства па далінах рэк.
рускі батанік; заснавальнік школы батанікаў-крыптагамістаў. Праф. (1885). Скончыў Пецярбугскі ун-т (1871) і выкладаў у ім. Навук. працы па эколага-геагр. і сістэматыка-антагенетычным вывучэнні ніжэйшых арганізмаў (амёбападобных, водарасцей, грыбоў) і пакрытанасенных раслін. Выявіў уздзеянне рэльефу мясцовасці на геагр. пашырэнне раслін, даследаваў флору Белага м. і сумежных з ім раёнаў Паўд. Ледавітага ак. Распрацаваў адну з філагенетычных сістэм расліннага свету (1916).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ ((Gobbi) Ціта) (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),
італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд.ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш.еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАШУ́Й, Эдзін-Гол (у вярхоўі — Хэйхэ),
рака на Пн Кітая. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў ледавіках хрыбтоў Ціляньшань і Таалайшань (горы Наньшань), цячэ праз пустыні Алашань і Гобі, упадае некалькімі рукавамі (гал. — Марын-Гол, Іх-Гол) у азёры Гашун-Нур і Саго-Нур. Летняя паводка. Выкарыстоўваецца на арашэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),
расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад.АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.М.Пржавальскага, М.В.Пяўцова, У.І.Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж.г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.
Тв.:
Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ ((Callot) Жак) (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635),
французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.
Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс.км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр.ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.