Гліністыя пароды, гл. Пеліты
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
цяжкапранікальныя для вады і паветра глебы, што развіваюцца на пародах, якія маюць больш за 50% часцінак фіз. гліны (дыям. менш за 0,01 мм). Здольныя моцна набракаць пры ўвільгатненні і растрэсквацца пры высыханні. Багатыя гумусам і азотам, маюць вапну, фосфар, калій і інш. мікраэлементы. Ворныя гарызонты з трывалай дробнакамкаватай структурай, схільныя да забалочвання. На Беларусі гліністыя глебы пашыраны на азёрна-ледавіковых, радзей марэнных глінах і цяжкіх суглінках найбольш у Віцебскай (займаюць каля 76 тыс. га) і Гродзенскай (20 тыс. га) абласцях. Больш за 70% гліністых глебаў паўгідраморфныя (дзярнова-падзолістыя і дзярнова забалочаныя). Эфектыўная ўрадлівасць звязана са ступенню ўвільгатнення (бал ад 76 да 38).
т. 5, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ТЫ
[ад ал(юміній) + ...літ(ы)],
1) прадукты выветрывання, складзеныя пераважна з гідравокіслаў алюмінію.
2) Гліністыя пароды, у якіх гліназёму больш, чым крэменязёму; прамежкавыя паміж глінай і баксітамі. Магчымая сыравіна для вытв-сці алюмасілікатных вогнетрывалых вырабаў.
т. 1, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць у зоне гіпергенезу пры нізкіх т-рах і цісках, пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў (гл. Гіпергенныя працэсы). Уключаюць гліністыя мінералы, гідраксіды, солі кіслародных кіслот (сульфаты, нітраты і г.д.).
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТРЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,
перадгорная раўніна на Пн Афганістана, на левабярэжжы р. Амудар’я. Даўж. каля 400 км, шыр. да 140 км, выш. 250—500 м. Пясчаныя і гліністыя пустыні; уздоўж Амудар’і — тугайныя зараснікі, лугі. Аазісы. Старажытны цэнтр арашальнага земляробства (бавоўнік, пшаніца, цукр. буракі, рыс).
т. 2, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШТЫ-МАРГО́,
пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км2 Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДЫ,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 15 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 0,38 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 7 м. Берагі спадзістыя, месцамі стромкія, пясчаныя і гліністыя.
т. 2, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн. мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс. км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛА-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ КАТЛАВІ́НА,
падводная катлавіна на ПдУ Індыйскага ак., каля Антарктыды. На Пн і У абмежавана Аўстрала-Антарктычным падняццем, на Пд — мацерыковым схілам Антарктыды, на З падводным хр. Кергелен. Даўж. 4500 км, шыр. 1500 км; пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. — 6089 м (каля хр. Кергелен). Грунт — дыятомавыя, глініста-дыятомавыя і алеўрыта-гліністыя глеі.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ
(ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),
мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты,растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)