Глухата 3/178, 516; 9/597

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУХАТА́,

адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.

Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУХАНЕМАТА́,

адсутнасць ці цяжкае парушэнне слыху і звязаная з гэтым адсутнасць мовы. Прычыны ўзнікнення глуханематы — прыроджаная ці набытая ў раннім дзяцінстве (1—2 гады) глухата. У сучаснай педагогіцы і медыцыне тэрмін глуханемата лічаць устарэлым. Заняткі з выкарыстаннем сурдапед. прыёмаў навучання дазваляюць навучыць глухога гаварыць.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРО́ЗЫ [ад неўра... +...оз(ы)],

група пераважна абарачальных нервова-псіхічных расстройстваў, якія ўсведамляюцца хворым і абумоўлены ўздзеяннем псіхатраўміруючых фактараў (канфлікты паміж людзьмі ці ўнутрыасобасныя душэўныя). Да агульных (т.зв. «вялікіх») Н. адносяць істэрыю, неўрастэнію, неўроз неадчэпнага стану; вылучаюць таксама Н. страху, іпахандрычны і дэпрэсіўны. У дзіцячым узросце адрозніваюць сістэмныя Н. — псіхагенна абумоўленыя цікі, заіканне, начное нетрыманне мачы і інш. Праявы Н.: эмацыянальна-паводзінныя парушэнні, павышаная стамляльнасць, парушэнні сну; бываюць паралічы, слепата, глухата і інш. Лячэнне: псіхатэрапія ў спалучэнні з тэрапіяй, фізіятэрапіяй. Гл. таксама Нервовыя хваробы.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНУ́ХА,

вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.

Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТХО́ВЕН (Beethhoven) Людвіг ван [16(7), хрышчаны 17.12.1770, Бон — 26.3.1827], нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. З сям’і патомных прыдворных музыкантаў фламандскага паходжання. Упершыню публічна выступіў у 1778. З 1781 вучыўся ў кампазітара і арганіста К.​Г.​Нефе. З 1792 жыў у Вене. Вучыўся ў І.Гайдна, І.Альбрэхтсбергера, А.Сальеры і інш. На яго светапогляд вял. ўплыў зрабіла ант. л-ра, філасофія, творчасць У.​Шэкспіра, Ф.​Г.​Клопштака, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, падзеі франц. рэвалюцыі 1889—99. Неад’емнымі рысамі асобы Бетховена былі свабодалюбства і паліт. радыкалізм. Вядомасць і прызнанне набыў спачатку як піяніст і імправізатар, потым як кампазітар. Яго выкананне спалучала глыбокі, бурны драматызм і шырокую пявучую кантылену. Да пач. 1800-х г. напісаў шмат твораў, якія ўражвалі сучаснікаў драматызмам і навізной муз. мовы. Сярод іх фп. санаты № 8 («Патэтычная») і № 14 (т.зв. «Месяцавая»), першыя 6 струнных квартэтаў, 2 сімфоніі, 3 фп. канцэрты, 20 фп. санат, балет «Тварэнні Праметэя» (1801), араторыя «Хрыстос на Маслічнай гары» (1803). У 1800 была выканана 1-я сімфонія Бетховена. Асн. ідэйны матыў яго творчасці — тэма гераічнай барацьбы за свабоду — увасоблены з найб. сілай ў 3, 5, 7 і 9-й сімфоніях, у оперы «Фідэліо» (1805), уверцюры да трагедыі «Эгмант» Гётэ (1810), фп. санаце № 23 (т.зв. «Апасіяната») і інш. Глухата, якая прагрэсіравала з 1797, вымусіла Бетховена адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці. Пасля 1815 у яго музыцы пераважалі філас. і лірыка-псіхал. матывы, што выявілася ва «Урачыстай месе» (1823), у апошніх фп. санатах (№ 28—32) і квартэтах. Вяршыня яго творчасці — 9-я сімфонія (1824), дзе ўпершыню ў гісторыі жанру ўведзены харавы фінал (на словы оды Шылера «Да радасці»). Як Гайдн і Моцарт, ён распрацоўваў формы класічнай музыкі, якія дазвалялі адлюстроўваць разнастайныя з’явы рэчаіснасці ў іх развіцці. Яго сімфоніі і санаты вылучаюцца вял. маштабамі будовы, паглыбленай сувяззю паміж раздзеламі формы, абвастрэннем супярэчнасцяў паміж кантрастуючымі эпізодамі і тэмамі. Расшырыў склад аркестра, павялічыў арк. дыяпазоны вядучых галасоў, інтэнсіфікаваў выразнасць усіх арк. партый, адпрацоўваў тэхніку вар’іравання і варыяцыйную форму (32 варыяцыі до мінор для фп.). Асаблівую ролю адводзіў фіналам у сімфоніях і кодам ва уверцюрах, сімфоніях і санатах. Рашаючы этап у развіцці канцэртнага жанру — 4-ы і 5-ы канцэрты для фп. і скрыпічны канцэрт — сінтэз сімфоніі і канцэрта. Вял. ўклад Бетховена ў вак. музыку (песні, больш за 70 хароў, канонаў), дзе шэраг песень-рамансаў аб’яднаны ў адзін цыкл («Да далёкай каханай», 1816). Навізна яго музыкі, адзначанай выключнай эмац.-драм. сілай, глыбінёй думкі, прывяла да абнаўлення і ўзбагачэння ўсіх муз.-выразных сродкаў. Творчасць Бетховена зрабіла велізарны ўплыў на далейшае развіццё сусв. муз. культуры.

Літ.:

Роллан Р. Собр. соч.: Пер. с фр. Т. 2, 12. М., 1954, 1957;

Эррио Э. Жизнь Бетховена: Пер. з фр. 3 изд. М., 1968;

Альшванг А.А. Л. ван Бетховен: Очерк жизни и творчества. 5 изд. М., 1977;

Климовицкий А. О творческом процессе Л.​Бетховена. Л., 1979;

Фишман Н.Л. Этюды и очерки по бетховениане М., 1982;

Zu Beethoven, hrsg. von H.Goldschmidt. [Bd. 1—2]. Berlin, 1979—84.

Л.​А.​Сівалобчык.

Л. ван Бетховен. Мастак І.​К.​Штылер.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ВА,

сродак абмену (перадачы і прыёму) інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца намінацыямі (абазначэннямі) элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Змест інфармацыі, што заключаны ў моўным знаку, — яго значэнне, план зместу; знешняя форма моўнага знака — яго план выражэння (гл. Семіётыка). У М. захоўваюцца, назапашваюцца, сістэматызуюцца здабытыя калектывам яе носьбітаў веды. М. ўзнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Грамадства не існуе без М., а М. непатрэбна без грамадства; М. з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці і яе найб. універсальнай абалонкай. Чалавек ад нараджэння валодае моўнай кампетэнцыяй (дарам маўлення), здольнасцю авалодаць і карыстацца М. у працэсе маўлення, якое суадносіцца з мысленнем. Валодаць М. — гэта значыць ведаць план зместу і план выражэння знакаў, якія з’яўляюцца моўнымі адзінкамі, а таксама адвольна ўстаноўленую і замацаваную ў М. сувязь паміж планам зместу і планам выражэння, правілы спалучэння знакаў і іх выкарыстання. Носьбіт М., што перадае інфармацыю (адрасант), кадзіруе яе сэнс у форме моўных знакаў, а носьбіт М., які прымае інфармацыю (адрасат), дэкадзіруе план выражэння моўных знакаў, узнаўляючы перададзены яму змест. Паміж удзельнікамі моўных зносін пры перадачы інфармацыі мусіць падтрымлівацца непасрэдны ці апасродкаваны тэхн. сродкамі (напр., тэлефонам, радыё) кантакт, які дазваляе перадачу паведамлення. Адрасант і адрасат павінны мець пэўны агульны код — ведаць адну і тую М. Першасным планам выражэння моўных знакаў з’яўляюцца дыскрэтныя членараздзельныя гукі. Гукі, што адрозніваюць значэнне аднаго моўнага знака ад значэння іншага, наз. фанемамі. З адной або некалькіх фанем будуецца найменшая адзінка М., якая валодае ўласным значэннем, марфема. Адна або некалькі марфем утвараюць слова, што можа адносна самастойна ўжывацца ў маўленні. Словы складваюцца па пэўных правілах у выказванні, з якіх утвараюцца паведамленні. Структура (мадэль) выказвання разглядаецца як сказ; маўленчая форма паведамлення — тэкст. Першасная гукавая форма М. можа быць пераўтворана ў некаторыя іншыя. Найб. пашыраная і універсальная форма такога пераўтварэння з пэўнага часу развіцця грамадства — пісьмовая М. (гл. Пісьмо). Інш. аптычныя формы М. (напр., жэставая сістэма знакаў глуханямых, флажковая азбука маракоў і г.д.) пашыраныя абмежавана. Для сляпых распрацавана Брайля пісьмо, заснаванае на дотыку. Зрэдку выкарыстоўваюцца акустычныя сістэмы — заменнікі М. (напр., М. свісту, якая ўжывалася на Канарскіх а-вах). Асн. функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне), рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на інш. людзей), намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый), фатычная (устанаўленне і падтрыманне кантактаў паміж людзьмі), паэтычная (выражэнне ў маўленні эстэт. каштоўнасцей), метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў), магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах ці праклёнах). Яна стыхійна ўзнікае разам з грамадствам, адпавядаючы яго патрэбам, а ў працэсе свайго функцыянавання дастасоўваецца да гэтых зменлівых патрэб. Пры гэтым адбываюцца адпаведныя змены ў М.: з’яўляюцца новыя словы, удасканальваюцца правілы іх спалучэння і ўтварэння выказванняў, тэкстаў, пераўтвараецца сістэма гукаў. Стан М. і яе функцыянаванне на кожным дадзеным этапе разглядаюцца як сінхранія, а дынаміка яе, працэс моўных змен, якія апісваюцца ў гісторыі М., бясконцая колькасць сінхраній складае дыяхранію. Паколькі сувязь паміж планам зместу і планам выражэння адвольная, у розных групах носьбітаў М. ўзнікаюць варыянты знакаў, што вядзе да ўзнікнення адрозненняў у М., да фарміравання розных дыялектаў і М. У сучасным свеце функцыянуе ад 3 да 5 тыс. натуральных М. (гл. Мовы свету), якія стыхійна ўзніклі. Значны ўплыў на стварэнне і замацаванне пісьмовых, літ. М. могуць зрабіць асобы (напр., у стварэнні стараславянскай мовы выдатную ролю адыгралі Кірыла і Мяфодзій). Некаторыя М., распрацаваныя пэўнымі асобамі і пашыраныя дзякуючы іх намаганням, лічацца штучнымі мовамі. Найвышэйшай ступенню штучнасці валодаюць алгарытмічныя мовы праграмавання, створаныя для зносін паміж людзьмі і электроннымі выліч. ўстройствамі. Некаторыя натуральныя М. маюць агульнае паходжанне, яны паўсталі ў выніку разгалінавання групы дыялектаў прамовы. Такія роднасныя мовы ўтвараюць сем’і: індаеўрап., семіцкую, сіна-тыбецкую і інш. Паводле грамат. адрозненняў М. будуецца тыпалагічная класіфікацыя моў. Значныя адрозненні паміж М. звязаны з іх пашыранасцю: ад гаворкі адной невял. вёскі да нацыянальнай мовы, ад беспісьмовай гаворкі да літаратурнай мовы; вылучаюцца М. сусв. распаўсюджання (напр., англ., ісп., франц., рус., кіт., нямецкая). Некаторыя М., якія былі пашыранымі ў старажытнасці, зніклі або значна абмежавалі свае функцыі, сталі мёртвымі мовамі. Моўная кампетэнцыя дазваляе чалавеку валодаць некалькімі М., што вядзе да асабістага ці пашыранага ў грамадстве двухмоўя. Нягледзячы на значныя адрозненні паміж натуральнымі М., яны заўсёды дапускаюць магчымасць перакладу з адной М. на іншую; адэкватнасць перакладу залежыць ад функцыянальнага развіцця М., з якой і на якую ажыццяўляецца пераклад і ад ступені ведання М. перакладчыкам. М. як сродак зносін, пазнання і назапашвання інфармацыі, а таксама канкрэтныя М. вывучае мовазнаўства.

М. — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі; спецыфічная функцыя чалавека, непарыўна звязаная з мысленнем; сацыяльны сродак захавання і перадачы інфармацыі.

М. характарызуе разумовыя здольнасці чалавека. Вымаўленне слоў забяспечвае ўзгодненую дзейнасць мышцаў языка, губ, мяккага паднябення, глоткі, гартані, дыхальнай мускулатуры (складаюць у сукупнасці моўнарухальны апарат, якім кіруе кара галаўнога мозга). Органы, якія ажыццяўляюць функцыю М., забяспечваюць вымаўленне членараздзельных гукаў — артыкуляцыю. У працэсе ўспрымання М. ўдзельнічаюць слыхавы аналізатар і нерв. сістэма. Расстройствы М. найчасцей узнікаюць у дзіцячым узросце ў выніку тугавухасці і поўнай страты слыху (гл. Глухата, Глуханемата), дэфектаў і пашкоджанняў моўнага апарату, інфекцый і інш. Асн. віды расстройстваў М.: афазія, заіканне, коснаязыкасць, немата і інш.

Літ.:

Маслов Ю.С. Введение в языкознание. 2 изд. М., 1987;

Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. Мн., 1987;

Михневич А.Е. Язык, которого нет... Мн., 1988;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Мечковская Н.Б., Норман Б.Ю., Плотников Б.А., Супрун А.Е. Общее языкознание. [Ч. 1—2], 2 изд. Мн., 1993—95;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 5 изд. М., 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 10, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)