Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫ́Ш (Laserpitium),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.
Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫШЫ́,
1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.
2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́Я КЛАПЫ́,
група сямействаў атр. паўцвердакрылых. Найб. вядомыя сям.весляроў, гладышоў, беластаматыдаў (Belostomatidae), вадзяных скарпіёнаў (Nepidae), клапоў-прыбярэжнікаў (Saldidae), плаўтаў (Naucoridae), сапраўдных вадамерак (Gerridae). Больш за 1600 відаў. Пераважна цеплалюбівыя. На Беларусі больш за 30 відаў. Трапляюцца ў вадаёмах і на вільготных берагах, найб. вядомыя вадзяны скарпіён, звычайны гладыш, вясляр, ранатра, вадамерка і інш.
Даўж. 2—120 мм. Многія добра плаваюць і лётаюць. Дыхаюць у асноўным атм. паветрам. Яйцы адкладаюць на водныя расліны або ў іх тканкі. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб. Вясляр дыдымус (Agabus didymus) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Волта (выцякае з Возера), за 14 км на ПдУ ад г. Мёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня. Пл. 0,54 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 750 м, найб.глыб. 2 м. Пл. вадазбору 11 км². Ахоўны рэжым возера прадугледжвае зберажэнне ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і яго характэрнай флоры і фауны (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, гладыш шыракалісты, мядзведжая цыбуля, шпажнік чарапіцавы; журавель шэры, кулоны вялікі і сярэдні, сявец залацісты, гагара чорнаваллёвая, курапатка белая, дзербнік і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л.лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧО́К,
гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,
1) ганчарныя вырабы з г. Гарадок Віцебскай вобл.Найб. развіцця ганчарны промысел дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная гарадоцкая кераміка гасп. прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, вазонніцы, міскі, а таксама стараж. амфарападобныя пасудзіны з 2 ручкамі — карчагамі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневых колераў. Цяпер традыц. асартымент посуду вырабляе У.Татарыс.
2) Ганчарныя вырабы з в. Гарадок Глускага р-на Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з старажытнасці. У 1930—70-я г. працавала ганчарная арцель, дзе выраблялі посуд традыцыйна быт. прызначэння (гаршкі, збаны, гладышы, слоікі, макатры, міскі, глякі; асобныя майстры выраблялі таксама фігурны посуд і цацкі). Посуд вызначаўся характэрнымі для Падняпроўя зграбнымі формамі, яго глазуравалі пераважна празрыстай палівай, часам дэкаравалі тыповымі для ганчарства гэтага рэгіёна выціснутымі хвалістымі паяскамі (стараж. сімвал вады).
Я.М.Сахута.
Да арт.Гарадоцкая кераміка. У.Татарыс. Слоік, гладыш і міска. 1970-я г.