Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ
(ад грэч. aleuron мука),
пратэінавыя зярняты, бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
Да арт. Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.