Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ,
адзінка частаты ў СІ. Пазначаецца Гц. 1 Гц — частата перыядычнага працэсу, пры якой за 1 с адбываецца адзін цыкл змены адпаведнай фіз. велічыні. Названа імем Г.Р.Герца. Выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі ад герца — кілагерц (1 кГц=103Гц) і мегагерц (1 МГц=106Гц) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),
нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл.АНСССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Фрыдрых Ота) (26.3.1878—?),
аўстрыйскі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Скончыў Венскі ун-т. У 1920—30-я г. саветнік міністра пры Аўстрыйскай федэральнай канцылярыі, у 1930—33 праф. эканомікі і сацыялогіі ун-та ў г. Гале. У 1938 эмігрыраваў у Англію. Услед за Э.Давідам і Э.Бернштэйнам выступіў з рэвізіяй марксісцкага агр. вучэння; тэарэтычна абгрунтоўваў устойлівасць дробнай вытв-сці ў земляробстве, адстойваў «закон спаду ўрадлівасці глебы». Яго палажэнні выкарыстоўвалі рус. эканамісты С.М.Булгакаў, В.М.Чарноў і інш. ў палеміцы з марксістамі па пытаннях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі. Погляды Герца крытыкаваў У.І.Ленін у працы «Аграрнае пытанне і «крытыкі Маркса» (1901, 1907).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Герц Г. Р. 1/373; 3/458; 6/554; 9/37, 47; 10/575, 621, 623; 11/430, 434
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР,
дыполь Герца, самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл.Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРТО́Н (ням. Kammerton ад Kammer пакой + тон),
інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. audire чуць + ...метрыя),
акуметрыя, вызначэнне вастрыні слыху. Найб. просты метад аўдыяметрыі — даследаванне слыху шэптам, гутарковай мовай (вызначаецца адлегласць, на якой паддоследны здольны пачуць словы) і камертонам (вызначаецца час, на працягу якога хворы чуе паступова затухальнае гучанне камертона). Пры даследаванні аўдыяметрам па змене вышыні (ад 100да 10 000 герц) і сілы гуку вызначаюць іх мінім. інтэнсіўнасць, пры якой гук ледзьве чутны (парог успрымання). Вынікі аўдыяметрыі запісваюцца ў выглядзе аўдыяграмы. Найб. дакладны спосаб — даследаванне з рэгістрацыяй слыхавых выкліканых патэнцыялаў (СВП) — біятокаў, што ўзбуджаюцца ў галаўным мозгу пры раздражненні вуха гукавымі сігналамі. СВП выяўляюцца пры камп’ютэрнай апрацоўцы даных, атрыманых шматразовым паўторам гукавых стымулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.