ГЕ́РПЕС
(ад грэч. herpēs лішай),
вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Й апяразвальны герпес, вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.
т. 1, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕРЫ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекц. хвароб чалавека, аб’яднаных пераважна паводле спосабу перадачы ўзбуджальніка палавым шляхам. Бываюць выпадкі і кантактна-быт. заражэння. Вядома каля 20 венерычных хвароб: СНІД, сіфіліс, ганарэя, герпес, трыхаманоз, шанкер мяккі, лімфагранулема венерычная, данаваноз, хламідыёз, мікаплазмоз і інш. Шляхі пашырэння, метады дыягностыкі і лячэння вывучае венералогія. Адна з асаблівасцей венерычнай паталогіі — хвалепадобны характар з перыядычнасцю 10—15 гадоў. За апошнія 50 гадоў зарэгістраваны 3 хвалі венерычнай захваральнасці (1946, 1979, 1989). У распаўсюджванні венерычных хвароб вялікая роля належыць сац.-гігіенічным фактарам: дэмаграфічны рух, сац.-эканам. прагрэс, фактары паводзін, правільнае палавое выхаванне, вял. колькасць выпадковых палавых сувязей, сац.-культ. змены, алкаголь і наркотыкі, самалячэнне, рост разводаў, наяўнасць груп павышанай рызыкі, прастытуцыя, палавая ненармальнасць, дыягнастычныя памылкі і інш. Прафілактыка венерычных хвароб падзяляецца на грамадскую і асабістую. Грамадская: актыўнае выяўленне, лячэнне і ўлік хворых, бясплатнае лячэнне хворых на сіфіліс, СНІД, абследаванне на сіфіліс цяжарных жанчын, работнікаў харч. прам-сці і дзіцячых устаноў і інш. З мэтай змяншэння небяспекі ад пашырэння венерычных хвароб заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за ўхіленне ад лячэння гэтых хвароб і заражэнне імі інш. асоб (арт. 113 КК). Асабістая: недапушчальнасць выпадковых палавых сувязей, выкарыстанне індывід. партатыўных прафілакт. сродкаў.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту В.), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.
А.П.Красільнікаў.
т. 4, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)