Гемарой 3/420; 9/363

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),

пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.

Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пачачуй, гл. Гемарой

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКТА́ЛОГІЯ (ад грэч. prōctos задні праход + ...логія),

раздзел гастраэнтэралогіі і абдамінальнай хірургіі, які вывучае хваробы прамой кішкі (гемарой, практыт і інш.), распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; больш шырока — хваробы тоўстага кішэчніка (колапракталогія). Многія захворванні прамой кішкі з’яўляюцца лакалізацыяй працэсаў у папярэдніх аддзелах (паліпоз, хвароба Крона, неспецыфічны язвавы каліт), асабліва пры злаякасных захворваннях. На Беларусі ў 1971 адкрыта аддзяленне П. на базе Мінскай абл. клінічнай бальніцы (Бараўляны); з 1978 — Рэсп. цэнтр. Створаны аддзяленні П. ў абл. цэнтрах, рэабілітацыйная служба для хворых на рак прамой кішкі.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,

хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).

Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.

А.​У.​Руцкі.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)