ГЕЛІЁГРАФ

(ад гелія... + ...граф),

1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л. з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.

2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯ...

(ад грэч. hēlios Сонца),

першая састаўная частка складаных слоў, якая азначае прыналежнасць да Сонца, сонечных прамянёў, сонечнай энергіі, напр., геліёграф, геліятэхніка.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)