ГЕЛЬ-ФІЛЬТРА́ЦЫЯ,

гель-храматаграфія, раздзяленне сумесі малекул паводле іх памеру пры дапамозе порыстых палімераў шляхам фільтрацыі на храматаграфічных калонках. У залежнасці ад памераў малекулы пранікаюць праз поры ўнутр гранул палімеру з рознай скорасцю і канцэнтруюцца ў розных слаях. Выкарыстоўваецца для вызначэння велічынь малекулярных мас, абяссольвання раствораў натыўных бялкоў, канцэнтраванні раствораў палімераў, у медыцыне — для дыягнастычнага падзелу бялкоў сывараткі крыві, пры дыягностыцы цяжарнасці, ачыстцы прэпаратаў ферментаў і інш.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́ЛЬ

(ад бія... + лац. gelo застываю),

1) студзінападобная або цвёрдая структураваная калоідная сістэма біял. паходжання з вадкім дысперсійным асяроддзем; разнавіднасць геляў. Утворана часцінкамі дысперснай фазы, злучанымі адна з адной у прасторавую сетку (каркас), якая ўтрымлівае ў сваіх ячэйках дысперсійнае асяроддзе і пазбаўляе ўсю сістэму цякучасці. Біягелі шырока прадстаўлены ў жывёльных і раслінных арганізмах (напр., мышачная, нервовая, злучальная тканкі, шклопадобнае цела вока, біял. мембраны — складаныя біягелі). Біягелі з’яўляюцца таксама халадцы жэлаціну, агару, пекціну, прадукты харчавання — сыракваша, кісель, жэле, мармелад і інш. 2) У храматаграфіі — камерцыйная назва носьбітаў для гель-фільтрацыі. Біягелі маркі A замяняе агар, маркі P — сінт. гель поліакрыламід.

А.М.Ведзянееў.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)