ГЕКСА... (ад грэч: hex шэсць),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «шэсць», напр., гексаэдр, гексаген.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКСА́ЭДР (ад гекса... + грэч. hedra аснова, грань),

мнагаграннік з 6 гранямі (напр., пяцівугольная піраміда). Правільны гексаэдр — куб. У крышталяграфіі адна з простых формаў кубічнай сістэмы.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКЗА́МЕТР (ад гекса... + ...метр),

вершаваны памер у антычным вершаскладанні; 6-стопны дактыль з усечанай на адзін склад 6-й стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя 5-й, дактылі маглі заменьвацца спандэямі. Цэзура, якая рассякае звычайна 3-ю стапу, падзяляе вершарад на дзве часткі (-◡◡-◡◡-//◡◡-◡◡-◡◡-).

Найб. пашыраны памер антычнай л-ры («Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Феакрыта, Вергілія, Авідзія, Гарацыя і інш.). Выкарыстоўваўся ў паэмах, гімнах, пасланнях, нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш.

Памерам гекзаметра шырока карысталіся сярэдневяковыя бел. паэты-лаціністы («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага). У сілаба-танічным вершаскладанні гекзаметр звычайна перадаецца спалучэннем дактыляў з харэямі і выкарыстоўваецца ў перакладах антычнай паэзіі. У бел. паэзіі імітацыя гекзаметра ёсць у вершы М.​Багдановіча «Непагодаю маёвай», у перакладах «Іліяды» Ю.​Дрэйзіным, Б.​Тарашкевічам, у стылізацыях антычных тэм і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)