ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.

Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Геконавыя: 1 — крымскі гекон; 2 — туркменскі гекон; 3 — гладкі гекончык; 4 — туркменскі эўблефар.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАДА́ГСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК на Пд Крыма, паміж Кактэбельскай і Шчабятоўскай далінамі, Украіна. Засн. ў 1979. Пл. 3 тыс. га. Асн. каштоўнасць запаведніка — прыродныя комплексы вулканічнага масіву Карадаг. Расліннасць складаецца з лясоў, стэпаў, зараснікаў нізкарослых цвердалістых паўхмызнякоў. Агульная колькасць відаў раслін каля 1040, у т. л. 60 рэдкіх, эндэмічных і знікаючых. У фаўне відаў: 31 млекакормячых (у т. л. вял. і малы падкованосы, звычайная шыракавушка, звычайны доўгакрыл, стэпавы тхор, куніца, казуля), 110 птушак (у т. л. кеклік, чорны дрозд, сокалы сапсан і балабан, арол-магільшчык, асаед), 3 амфібій, 8 рэптылій (у т. л. крымскі гекон, леапардавы полаз, жаўтапузік), 16 рыб, больш за 1000 матылькоў і інш. насякомых.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),

клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн. г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал. эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн. г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.

Літ.:

Дарафееў А.М., Конюшка В.С., Ляшко А.А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. Мн., 1981;

Жизнь животных. Т. 5. 2 изд. М., 1985;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

А.​М.​Петрыкаў, Э.​Р.​Самусенка.

Паўзуны: 1 — ігуана цыклура; 2 — гекон дзённы; 3 — чарапаха арау; 4 — дынадон чырванапоясны; 5 — гатэрыя; 6 — варан камодскі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)