ГЕАКРА́ТЫЯ

(ад геа... + грэч. kratos сіла, моц),

улада прыроды (Зямлі) над чалавецтвам; ідэаліст. філас. канцэпцыя фаталістаў.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСТРАТЭ́ГІЯ

(ад геа... + стратэгія),

разгляд значэння прыроднага асяроддзя ў дачыненні да праблемы экалагічнага, эканоміка-паліт. дабрабыту, пераважна ў міжнар. маштабе.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕА...

(ад грэч. gē Зямля),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да Зямлі і да яе вывучэння, напр., геасфера, геахімія.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭХНІ́Я

(ад геа... + грэч. techne мастацтва, майстэрства, уменне),

прыродазнаўча-тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае прынцыпы і метады рацыянальнага ўмяшання ў прыродныя працэсы для наладжвання аптымальнага ўзаемадзеяння паміж грамадствам і прыродай.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬ

(ад геа... + сінкліналь),

буйны выцягнуты прагін зямной кары, які доўгі час апускаецца, запаўняецца магутнай тоўшчай асадкавых і магматычных горных парод, потым ператвараецца ў складкавую горную вобласць (гл. таксама Геасінклінальны пояс).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦЬ

(ад геа... + эквівалентнасць),

суадносіны культ. ландшафту, які стварае чалавек, з прыродным ландшафтам, што існаваў на гэтым месцы, паводле складу і масы рэчываў, інтэнсіўнасці працэсаў абмену і інш. экалагічных, ландшафтных і энергет. паказчыках.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕААКУСТЫКА

(ад геа... + акустыка),

раздзел прыкладной геафізікі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання акустычных палёў у горных пародах, вадкасцях і газах, што запаўняюць сітавіны і расколіны ці знаходзяцца ў ствалах буравых свідравін. Метады геаакустыкі — акустычная разведка, сейсмічная разведка, глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне, ультрагукавая эхалакацыя, гукавы каратаж і інш. Займаецца даследаваннем будовы і ўласцівасцей зямной кары, пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў, рашэннем тэхналагічных задач пры правядзенні горных і буравых работ.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕРЫ́ДА

(ад геа... + грэч. meris частка, слой),

жывое покрыва, сукупнасць усіх жывых арганізмаў, якія насяляюць планету. Зрэдку выкарыстоўваецца і як сінонім біясферы. Тэрмін прапанаваў рус. вучоны У.М.Беклямішаў (1928). У паняцці У.І.Вярнадскага ў біял. сэнсе — жывое рэчыва Зямлі. На Зямлі існуе каля 2 млн. відаў арганізмаў, у т. л. 1,5 млн. відаў жывёл. Маса жывога перавышае масу зямной кары. Колькасць прадукцыі за 1 млрд. гадоў у 10 разоў перавышае масу зямной кары.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФО́Н

(ад геа... + ...фон),

прыёмнік гукавых хваль, што распаўсюджваюцца ў верхніх слаях зямной кары. Найб. дасканалыя геафоны (разведачныя сейсмографы) маюць эл.-мех. пераўтваральнікі, з дапамогай якіх ваганні глебы пераўтвараюцца ў ваганні эл. току, узмацняльнікі сігналаў і рэгістравальныя шлейфавыя асцылографы. Геафон з адчувальным элементам з п’езакварцу наз. п’езагеафонам. Выкарыстоўваюцца пры акустычнай разведцы горных парод, у вайсковай справе (выяўленне сапёрных работ праціўніка), у горнавыратавальнай службе (адчувальныя элементы геамагнітафонаў) і інш.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСФЕ́РЫ

(ад геа... + сфера),

абалонка Зямлі, канцэнтрычныя, суцэльныя або перарывістыя абалонкі, з якіх складаецца Зямля. Адрозніваюцца паміж сабой паводле хім. складу, агрэгатнага стану і фіз. уласцівасцей. Ад прасторы вакол Зямлі да цэнтра планеты вылучаюць магнітасферу, атмасферу, гідрасферу, літасферу, мантыю і ядро Зямлі. Некаторыя геасферы (напр., атмасфера) падзяляюцца на сферы 2-га парадку. Паводле сукупнасці прыродных умоў і працэсаў, якія працякаюць у абласцях сутыкнення і ўзаемадзеяння геасферы, вылучаюць спецыфічныя геасферы — геаграфічную абалонку, біясферу і інш.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)