ГЕААКУСТЫКА

(ад геа... + акустыка),

раздзел прыкладной геафізікі, які вывучае заканамернасці распаўсюджвання акустычных палёў у горных пародах, вадкасцях і газах, што запаўняюць сітавіны і расколіны ці знаходзяцца ў ствалах буравых свідравін. Метады геаакустыкі — акустычная разведка, сейсмічная разведка, глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне, ультрагукавая эхалакацыя, гукавы каратаж і інш. Займаецца даследаваннем будовы і ўласцівасцей зямной кары, пошукам і разведкай радовішчаў карысных выкапняў, рашэннем тэхналагічных задач пры правядзенні горных і буравых работ.

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)