ГЕАФО́Н

(ад геа... + ...фон),

прыёмнік гукавых хваль, што распаўсюджваюцца ў верхніх слаях зямной кары. Найб. дасканалыя геафоны (разведачныя сейсмографы) маюць эл.-мех. пераўтваральнікі, з дапамогай якіх ваганні глебы пераўтвараюцца ў ваганні эл. току, узмацняльнікі сігналаў і рэгістравальныя шлейфавыя асцылографы. Геафон з адчувальным элементам з п’езакварцу наз. п’езагеафонам. Выкарыстоўваюцца пры акустычнай разведцы горных парод, у вайсковай справе (выяўленне сапёрных работ праціўніка), у горнавыратавальнай службе (адчувальныя элементы геамагнітафонаў) і інш.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАГНІТАФО́Н,

магнітафон для выяўлення і запісу на магнітную стужку слабых гукавых сігналаў у падземных горных вырабатках. Гукаўлоўнік — геафон. Геамагнітафон дазваляе адрозніць сігналы, што падаюцца ўдарамі па пародзе, ад пабочных гукаў на адлегласці да 100 м. Выкарыстоўваецца пры горнавыратавальных работах для вызначэння месцазнаходжання рабочых, заспетых аварыяй у шахтах і рудніках.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)