Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ ГА́ТЫ, Сах’ядры,
горы ў Індыі, зах. ўзвышаны край п-ва Індастан. Даўж. каля 1800 км, выш. да 2698 м (г. Анаймуды). Зах. схіл — стромкі ступеньчаты абрыў Дэканскага пласкагор’я да Аравійскага м.; усх. — спадзіста-нахіленыя раўніны, якія зніжаюцца ў бок цэнтр.ч. Дэканскага пласкагор’я і п-ва Індастан. На Пд горставыя масівы (Нілгіры, Анаймалай, Палні, Кардамонавы горы) з рэзкімі контурамі грабянёў. На Пн плоскавяршынныя ступеньчатыя ўзвышшы. З.Г. падзелены папярочнымі тэктанічнымі далінамі.
Паўд. ч. складзена з гнейсаў і чарнакітаў, паўн. — з базальтаў. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў на наветраных зах. схілах 2000—5000 мм за год, на ўсх. — 600—700 мм. Зах. схілы ўкрыты вільготнымі вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі, усх. — саваннамі і рэдкалессямі. Некалькі рэзерватаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАСТА́Н,
паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн.км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак.Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах.Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх.Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДХРА-ПРА́ДЭШ,
штат на ПдУ Індыі. Пл. 276,8 тыс.км², нас. 66,5 млн.чал. (1991), пераважна андхра (тэлугу); гарадскога 20%. Адм. цэнтр — Хайдарабад, буйныя гарады: Вішакхапатнам, Віджаявада. Займае прыбярэжную нізіну ўздоўж Бенгальскага заліва, частку пласкагор’я Дэкан і гор Усх.Гаты (выш. да 1680 м). Клімат вільготны, трапічны, мусонны на ўзбярэжжы (1500 мм ападкаў за год), ва ўнутр. раёнах з засушлівай зімой (ападкаў 500—850 мм за год). Адзін з асн.с.-г. штатаў Індыі. Гал.с.-г. культуры: рыс, тытунь, клешчавіна, кенаф, цукр. трыснёг, таксама вырошчваюць проса, арахіс, бавоўнік і інш. У жывёлагадоўлі пераважае авечкагадоўля. Традыцыйныя галіны прам-сці — тытунёвая, цукровая. Развіты горназдабыўная (каменны вугаль, слюды, хрызалітавы азбест, барыты, вапнякі, буд. матэрыялы, жал. і марганцавая руды, храміты, свінец), металург., хім., маш.-буд.прам-сць. Транспарт чыг., марскі (гал. порт Вішакхапатнам), аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАРА́ШТРА,
штат у Індыі, на ПнЗ п-ва Індастан. Пл. 307,7 тыс.км². Нас. больш за 80 млн.чал. (1997), пераважна народ маратхі (77%). Адм., эканам. і культ. цэнтр, буйнейшы горад і порт — г.Бамбей. Тэр. М. ўключае паўн.-зах.ч. Дэканскага пласкагор’я (выш. 300—700 м), хр.Зах.Гаты (да 1038 м), вузкую нізіну на ўзбярэжжы Аравійскага м. Клімат мусонны, гарачы, вільготны на ўзбярэжжы (2000—3000 мм ападкаў штогод), больш засушлівы ва ўнутр. раёнах (600—1000 мм). М. — адзін з найб. прамыслова развітых штатаў Індыі. Вядучая галіна — баваўняная прам-сць (выпускае больш за 30% тканін у краіне). Развіты інш. галіны тэкст. вытв-сці, харч. (цукр., алейная, мукамольная і інш.), маш.-буд., хім. і нафтахім. прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, марганцу, баксітаў. Каля 50% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Вырошчваюць бавоўну (каля 20% збору ў краіне), арахіс, інш. алейныя, цукр. трыснёг. Асн.ч. пасяўной плошчы занята збожжавымі культурамі — джаварам (прасяная культура, каля 30% збору ў краіне), пшаніцай, рысам. Пераважае сухадольнае земляробства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.