Гатчына (г.) 3/378

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ТЧЫНА (у 1923—29 Троцк, у 1929—44 Краснагвардзейск),

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Ленінградскай вобл. Вядомы з 1499. 81,8 тыс. ж. (1997). Вузел чыг. ліній. Машынабудаванне і металаапрацоўка, электрамех., дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лёгкая, харч. прам-сць. Краязнаўчы музей. Палацава-паркавы ансамбль 18 ст.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЯРБУ́РГСКА-ВАРША́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА.

Пабудавана паводле царскага ўказа ад 15.2.1851 за кошт казны. Праектная працягласць 1280 км. Праходзіла праз Гатчыну, Лугу, Пскоў, Востраў, Дзвінск, Вільню, Гродна, Беласток. Уводзілася ў эксплуатацыю ўчасткамі. На 1-м участку Пецярбург—Гатчына (45 км) адкрыты рух восенню 1853. У пастаянную эксплуатацыю ўведзена 15.12.1862. На тэр. Беларусі ўключала ўчастак Парэчча—Гродна—Ласосна (каля 30 км).

Б.​І.​Жывіца.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗАВА́НЫХ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ І АБСТАЛЯВА́ННЯ ПА ВЫТВО́РЧАСЦІ БУДМАТЭРЫЯ́ЛАЎ НДІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1989 у Магілёве як Усесаюзны НДІ аўтаматызаваных тэхнал. ліній і абсталявання па вытв-сці будматэрыялаў на базе філіяла Усесаюзнага НДІ «Строммаш» (г. Гатчына). Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка дакументацыі тэхнал. абсталявання аўтаматызаваных ліній, праектаў участкаў, цэхаў, заводаў па вытв-сці будматэрыялаў; арганізацыя вытв-сці, шэф-мантаж, наладка і пуск у эксплуатацыю абсталявання і тэхнал. ліній па вытв-сці будматэрыялаў.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.​Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.​Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.​І.​Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.​А.​Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.

Літ.:

Гатчина. Л., 1980;

Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Фёдар Аляксандравіч) (22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),

рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.​Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац. маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).

Літ.:

Мальцева Ф.С. Ф.А. Васильев, 1850—1873. М., 1984.

Ф.Васільеў. Адліга. 1871.

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАЛІ́ТАЎ-ІВА́НАЎ (сапр. Іванаў) Міхаіл Міхайлавіч

(19.11.1859, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 28.1.1935),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1882, клас М.Рымскага-Корсакава). З 1893 праф. (у 1919—22 рэктар) Маскоўскай кансерваторыі. У 1899—1906 дырыжор прыватнай рус. оперы, Опернага т-ра Зіміна, з 1925 — Вял. т-ра ў Маскве. У творчасці апіраўся на традыцыі рус. муз. класікі, выкарыстоўваў таксама муз. фальклор Каўказа і Сярэдняй Азіі. Аўтар опер «Ася» (1900), «Здрада» (1909), сімф. твораў, у т. л. сюіт «Каўказскія эскізы» (1894) і «Іверыя» (1895), паэмы «Мцыры» (1924), камерна-інстр. ансамбляў, рамансаў. У 1923—24 узначальваў Беларускую песенную камісію. Апрацаваў шэраг бел. нар. песень (апубл. ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (1928). Сярод вучняў А.Баланчывадзе, Р.Гліэр, З.Памяшвілі, М.Чуркін.

Літ. тв.: Письма. Статьи; Воспоминания. М., 1986.

І.​І.​Зубрыч.

М.М.Іпалітаў-Іванаў.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗІ́НСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт. зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.​Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.​Кіплінга, Р.​Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».

Тв.:

Багровое светило. М., 1974.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ (Мікалай Аляксандравіч) (15.3. 1751, с. Нікольскае Цвярской вобл., Расія — 2 ці 3.1.1804),

рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, графік, паэт, музыкант, вынаходнік; прадстаўнік архітэктуры класіцызму; адзін з заснавальнікаў пейзажнага стылю ў рус. садова-паркавым мастацтве. Чл. Рас. акадэміі (з 1783) і ганаровы чл. Пецярбургскай АМ (з 1786). Архітэктуру вывучаў самастойна. У арх. творчасці пераважалі кампактныя цэнтрычныя купальныя будынкі з лаканічным дэкар. афармленнем: Неўскія вароты Петрапаўлаўскай крэпасці (1784—87) і паштамт (1782—89) у Пецярбургу, Барысаглебскі сабор (1785—96) у г. Таржок, сядзібныя комплексы ў Маскоўскай, Цвярской і Наўгародскай абласцях, землябітны Прыярацкі палац (1798—99) у г. Гатчына Ленінградскай вобл. і інш. На Беларусі стварыў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, серыю акварэляў з відамі Магілёва (канец 18 ст.) і інш. Распрацоўваў вогнетрывалыя буд. матэрыялы, у т. л. «каменны кардон». Аўтар іл. да «Метамарфозаў» Авідзія, твораў Г.​Дзяржавіна (да 1755), лібрэта камічнай оперы «Ямшчыкі на падставе» (паст. 1787). Склаў нотны «Збор рускіх народных песень з іх галасамі. На музыку паклаў Іван Прач» (т. 1—2, 1790, у сааўт.). Выдаў адзін з першых перакладаў ісландскай сагі «Песня нарвежскага віцязя Гаральда Храбрага» (1793). Перакладаў творы Анакрэонта, Ф.​Петраркі, Сафо, кн. па архітэктуры А.​Паладыо і інш.

Літ.:

Глумов А. Н.​А.​Львов. М., 1980.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКІ (Генадзь Васілевіч) (19.9.1936, г. Валгаград, Расія — 23.8.2000),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі, паэт і перакладчык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р тэхн. н., праф. (1981). Чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі (2000). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское інж. радыётэхн, вучылішча (1959, г. Гатчына, Расія). З 1960 і з 1986 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, з 1970 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова з 1994 нач. аддзела Вышэйшага атэстацыйнага к-та Беларусі. Працы па тэорыі сістэм аўтам. кіравання (САК) і аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў асновы агульнай тэорыі каранёвых траекторый сістэм з параметрамі, якія змяняюцца паводле зададзенага закону, метады і сродкі аўтаматызаванага праектавання робататэхн. комплексаў і САК. Пісаў вершы з 1956: У яго перакладах на рус. мову выйшлі кнігі: «Беларуская лірыка XIX—XX стст. ...» (1998), «Анталогія беларускай лірыкі XIX—XX стст.» і «Анталогія беларускай паэзіі» (т. 1—2, 2001).

Тв.:

Основы общей теории корневых траекторий систем автоматического управления. Мн., 1972;

Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычислительных комплексов и сетей. Мн., 1994;

Корневые методы исследования интервальных систем. Мн., 1999 (у сааўт.);

Я есть! М., 2000.

Літ.:

Савік М. Мера духоўнага самавыяўлення // Голас Радзімы. 1998. 5 сак.;

Яго ж. Чалавек шматгранных здольнасцей // Атэстацыя. 1999. № 2.

М.​П.​Савік.

Г.В.Рымскі.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)