ПІКЕЛЯВА́ННЕ (ням. Pickeln ад галанд. pekelen гатаваць саляны раствор, саліць),

апрацоўка шкуры або паўфабрыкату скуры — галля растворам (пікелем), які мае к-ту (звычайна серную) і кухонную соль. Робіцца ў спец. барабанах для кансервавання каштоўных футравых шкур, каб надаць ім мяккасць і пластычнасць, а таксама для падрыхтоўкі да дублення.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙНЫЯ ПЕ́СНІ,

вясельныя песні, прысвечаныя вясельнаму рытуальнаму хлебу—караваю. Найб. пашыраны ў беларусаў і ўкраінцаў. На Беларусі вядомы ўсюды, але значна пераважаюць на Палессі. Тут яны адлюстроўваюць усе моманты каравайнага абраду: «як матка маладой (маладога) запрашае каравайніц гатаваць каравай», «як каравай расчыняюць», «як яго месяць», «як саджаюць у печ», «як каравай пячэцца», «як яго з печы вынімаюць», «як пільнуюць каравай, каб хлопцы не ўхапілі», «як ставяць каравай на стол», «як упрыгожваюць яго», «як нясуць каравай з дому маладога ў дом маладой», «як аб’ядноўваюць абодва караваі (маладога і маладой)», «як крояць каравай», «як яго дзеляць», а таксама шмат песень, якія ўхваляюць сам каравай, урачыстых і жартаўлівых песень-зваротаў да каравайніц. Напевы К.п. прыўзнята «буйнага» характару са звонкімі воклічамі; пераважаюць тыпавыя, агульныя для многіх вясельных песень, але ёсць і спецыфічныя (напр., «Да рана-рана нешта ў лесе звінела»).

Публ.:

Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 4. Мн., 1976;

Вяселле: Песні. Кн. 2. Мн.,1981;

Вяселле: Мелодыі. Мн., 1990;

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)