ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),
беларускі акцёр. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІБІ́НСКІ ((Skibinski) Казімеж Міхал) (6.3.1786, г. Вільня — 1.3.1858),
польскі драм. акцёр, спявак, рэжысёр. Вучыўся ў Вільні, дзе дэбютаваў 5.10.1802 у дзіцячым балеце ў ролі Солтыса («Сельскі натоўп, або Гарэзлівы пан»). Паводле сведчання сучаснікаў, С. найб. вылучаўся ў характарных ролях, па-майстэрску падкрэсліваў адмоўныя рысы персанажаў. Шмат гастраліраваў па гарадах Польшчы, Украіны, Прыбалтыкі, а таксама на Беларусі ў складзе розных тэатр. калектываў: трупа Я.Шыманскага (1803, Гродна, Зэльва, Свіслач, Слонім), антрэпрыза М.Кажынскага (1804—10, Асвея (Верхнядзвінскі р-н), Бешанковічы, Віцебск, Мінск, Полацк], антрэпрыза А.Жукоўскага (1833—34, Мінск), таксама Гродна (1827, 1828, 1830). З 1816 рэжысёр трупы віленскіх акцёраў, з якой наведаў Гродна і Свіслач, Мінск (сезон 1817—18). Перыядычна выступаў у Віленскім тэатры. З 1845 жыў і працаваў на Валыні і Падоллі.