Гартэнзія 3/368

- » - садовая 3/368 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРТЭ́НЗІЯ, гідрангія (Hydrangea),

род кветкавых раслін сям. гартэнзіевых. 35 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы. На Беларусі ў культуры адкрытага грунту 3 віды: гартэнзія дрэвападобная (Н. arborescens; яе стэрыльная садовая форма — f. sterilis вызначаецца пышным і працяглым цвіценнем), гартэнзія мяцёлчатая (Н. paniculata) і рознашарсцістая (Н. heteromala); у бат. садах і парках трапляецца таксама гартэнзія попельная (Н. cinerea); у пакаёвай культуры вырошчваюць гартэнзію буйналістую, або садовую (Н. macrophylla).

Кусты, невял. дрэвы выш. 3—10 м, ліяны даўж. да 25 м. Лісце яйцападобнае або эліпсоіднае, даўж. 5—10 см, на чаранках, зубчастае або пілаватае. Кветкі двухполыя, звычайна белыя, зеленавата-, ружова- ці блакітна-белыя (у садовых і пакаёвых формах бываюць блакітныя, малінавыя, ружовыя) у буйных шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца для адзіночных і групавых пасадак на газонах, пры афармленні ўзлескаў, у стварэнні кампазіцый. Вільгацялюбныя расліны. Абмярзаюць у паўн. раёнах інтрадукцыі. Размнажаюць насеннем, садовыя формы — адводкамі, зялёнымі чаранкамі, атожылкамі, дзяленнем куста.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРА́НГІЯ,

кветкавая расліна, гл. Гартэнзія.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЧЭ́ЙКАЎСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.). Закладзены ў сярэдзіне 18 ст. Парк рэгулярнага тыпу, размешчаны на правым пакатым беразе р. Ула, аформлены 3 шырокімі тэрасамі. Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі быў мураваны палац (закладзены ў 1769, не збярогся), перад якім размяшчаўся авальны партэр. Папярочная алея на восі У—З падзяляе парк на 2 зоны. На Пд ад палаца масіў ліп і таполяў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. У тэраснай частцы парку, аформленай газонамі, шпалерамі, баскетамі, лабірынтам, фантанам, раслі ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая і інш. У вуглавых частках парку — штучныя вадаёмы. Гасп. мураваныя будынкі ў стылі класіцызму. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну.

Літ.:

Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 52—55.

А.М.Кулагін.

т. 2, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)