ДУБРО́ВЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Дуброўна Віцебскай вобл. Стараж. промысел, найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Выраблялі чорназадымлены, непаліваны, гартаваны, паліваны з размалёўкай і без яе гасп. посуд (гаршкі, збанкі, гладышы, міскі, вазоны, цёрлы і інш.), а таксама цацкі. Д.к. адметная простымі лаканічнымі формамі і дакладнымі прапорцыямі. Цацкі вылучаюцца архаічным абліччам. У 1950—70-я г. выраблялі задымлены, сінявата-чорнага колеру посуд з матавай шурпатай паверхняй, аздоблены хвалістымі палосамі, прадрапанымі па сырым чарапку, і цацкі, задымленыя ці афарбаваныя ў белы колер.

Літ.:

Елатомдева И. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;

Сахута Я. Беларуская народная гліняная цадка. Мн., 1982.

Я.​М.​Сахута.

Дубровенская кераміка.
Да арт. Дубровенская кераміка. Цацка «Пара». Пач. 20 ст.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл. Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сць быт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.

Я.​М.​Сахута.

Мірская кераміка.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

вырабы ганчароў 12—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 12—13 ст. выраблялі гаршкі з канаўкай на ўнутр. паверхні, аздобленыя на плечуках хвалістым арнаментам, насечкамі і наколкамі (такі дэкор захоўваўся да 15 ст.). Посуд 12—15 ст. меў на донцах клеймы ў выглядзе крыжоў, кругоў, ромбаў, трохвугольнікаў і інш. Посуд канца 16—пач. 18 ст (гаршкі, кубкі, куфлі, збаны, глякі, рынкі, талеркі, міскі) звонку і знутры пакрывалі зялёнай і карычневай палівай, аздаблялі шматрадковым лінейным або хвалістым узорам, радзей штампам, часам упрыгожвалі налепамі ў выглядзе кветак; выраблялі таксама чорназадымлены посуд. У 15—18 ст. рабілі і гартаваны посуд. З сярэдзіны 17—18 ст. выраблялі талеркі, паўміскі, збаны, куфлі, размаляваныя расл. арнаментам, паліваныя падсвечнікі, рукамыі, магчыма, люлькі, а таксама цэглу-пальчатку. Да канца 19 ст. асартымент вырабаў звузіўся і вытв-сць М.к. заняпала.

Н.​І.​Здановіч, А.​А.​Трусаў.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст. больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.

В.​Е.​Собаль, У.​В.​Угрыновіч.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)